User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2024-04-03

Божая прысутнасць

Божа, Які любіш мяне,
дапамажы мне
быць адкрытым на Цябе зараз,
калі я адклаў клопаты гэтага свету.
Напоўні мае думкі Тваім спакоем,
Тваёй любоўю.

Свабода

“Я свабодны”.
Калі я бачу перад сабой гэтыя словы,
адчуваю глыбокую павагу.
Цудоўнае пачуццё свабоды...
Дзякую Табе, Божа.

Усведамленне

Я існую ў сетцы адносінаў –
з прыродай, людзьмі, Богам.
Я прасочваю сувязі гэтых звёнаў,
прыносячы ўдзячнасць жыццю,
якое цячэ па ім.
Некаторыя звёны гэтага ланцужка
зблытаныя або разарваныя,
і я адчуваю шкадаванне, гнеў, прыкрасць.
І я малюся аб дары прыняцця і прабачэння.

Слова Божае

Лк 24:13-35

Вось двое вучняў Езуса ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.

І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою? І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: Ты, напэўна, адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася. І спытаў у іх: Што?

Яны сказалі Яму: Тое, што сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як  гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі.

Тады Ён сказаў ім: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы:  Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?

І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем, і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • На нашым жыццёвым шляху мы не заўсёды можам распазнаць прысутнасць Пана сярод нас. Наш маркотны настрой можа ўзяць верх і зрабіць нас нікчэмнымі спадарожнікамі для тых, хто побач. Пане, дапамажы нам распазнаць Тваю прысутнасць, бо яна ўзнімае сэрцы ў надзеі. Навучы быць добрымі таварышамі для іншых, асабліва ў цяжкія часы.
  • Езус прыцягнуў увагу двух чалавек на дарозе, якія былі рады Ягонаму таварыству і натхняльнай размове. Ён праліў новае святло на падзеі мінулых дзён, аднак чакаў запрашэння застацца. Пане, застанься з намі на нашым жыццёвым шляху і дапамажы нам пачуць Тваё пасланне; перамяняй нас і распалі нашыя сэрцы.

Размова

Ці кранула Мяне Божае Слова?
Ці сёння пакінула мяне халодным?
Можа, суцешыла мяне?
Прымусіла змяніць мае паводзіны?
Я ўяўляю, як Езус стаіць
або сядзіць побач са мной,
і я дзялюся з Ім маімі пачуццямі.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'