User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2024-03-31

Божая прысутнасць

Біццё майго сэрца, дыханне, рух маіх думак –
знакі таго, што Бог працягвае мяне ствараць.
Я спыняюся на імгненне і стараюся ўсвядоміць
гэтую прысутнасць Бога ўва мне.

Свабода

Пане, Ты даў мне жыццё і дар свабоды.
Праз Тваю любоў я існую ў гэтым свеце.
Навучы мяне цаніць Твае дары.
Навучы паважаць права на жыццё
кожнага чалавека.

Усведамленне

Добры Божа, дапамажы ўсведамляць
Тваю прысутнасць,
Тваю моц і Тваю любоў
праз усе дні жыцця майго.

Слова Божае

Ян 20,1-9

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго.

 Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Столькі эмоцый перажыла Марыя Магдалена за такі кароткі час. Напэўна, спачатку яе ахапіла роспач, калі яна ўбачыла пустую магілу і вырашыла, што цела Езуса скралі. Яна перажыла гэта як найвялікшую абразу пасля ўсяго, што адбылося. Але мы ведаем, што амаль адразу Езус сам з’явіўся Марыі Магдалене, і яе адчай і смутак ператварыліся ў чыстую радасць. Няхай іх сустрэча дапаможа нам памятаць, што Бог заўсёды на крок наперадзе нас, і што часам, калі мы лічым Яго недасяжна далёкім, або калі сітуацыя здаецца безнадзейнай, насамрэч Ён дзейнічае і то вельмі блізка. Кажуць, найцямнешы час – перад світаннем, варта нагадваць сабе пра гэта ў дачыненні да свайго духоўнага жыцця.
  • Два вучні пабеглі да магілы і ўбачылі, што яна пустая, толькі палатно засталося, значэнне якога было незразумелым. Тады больш чуллівы з гэтых двух «убачыў і паверыў». Сёння, у Велікодную нядзелю памолімся аб тым, каб нашыя сэрцы і розумы спасціглі, якім чынам Езус можа асвятліць самыя цёмныя куткі нашага існавання і як Ён вядзе да ўваскрасення, аднаўлення і новага жыцця.

Размова

Езу, Ты прамаўляеш да мяне
праз словы Евангелля.
Няхай адкажу я сёння
на Тваё запрашэнне.
Навучы мяне пазнаваць Тваю далонь
у паўсядзённым жыцці.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'