User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2024-02-11

Божая прысутнасць

"Прыйдзіце да Мяне,
усе спрацаваныя і абцяжараныя,
і Я супакою вас."
Вось я, Пане,
прыходжу спазнаць Тваю прысутнасць.
Прагну прыняць Тваё ацаленне.

Свабода

Бог дае мне дар свабоды.
Нават каб я быў у палоне,
мая душа – вольная.
Дапамажы мне, Пане,
выкарыстаць гэтую свабоду з мудрасцю.

Усведамленне

У гэтыя хвіліны, Пане,
я скірую думкі да Цябе.
Я пакіну свае клопаты і прадузятасць,
адпачну і аднаўлюся ў Тваёй прысутнасці.

Слова Божае

Мк 1:40-45

Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты. Езус строга перасцярог яго і адразу адправіў, кажучы: Глядзі, нікому нічога не кажы; але ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, для сведчання ім. Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і шмат расказваць пра падзею, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Жаданне мае вялікае значэнне ў жыцці, бо яно дае кірунак і імпульс. Пракажоны ведаў, чаго хоча, і верыў, што Езус мае моц даць гэта. Ён прыйшоў у пакоры і прасіў Езуса, упаўшы на калені. Езус сустрэў яго спагадлівым адказам. Пане, мы прыходзім да Цябе ў нашай патрэбе, з нашым жаданнем і з поўным даверам да Цябе, бо верым, што Ты ў стане наталіць нас у патрэбе і вылечыць.
  • Гэта гісторыя ацалення і дотыку. Строга кажучы, Езус не павінен быў дакранацца да пракажонага; таксама як і пракажоны не павінен быў набліжацца да Езуса, бо пракажоныя павінны былі ізалявацца і крычаць «нячысты, нячысты» кожнаму сустрэчнаму. Пане, дапамажы нам убачыць, як мы ізалюем сябе і іншых, дапамажы зламаць бар’еры стыгмы, сораму і страху і з любоўю працягнуць руку да іншых, як гэта зрабіў Ты.

Размова

Езу, Ты заўсёды быў чулы з малымі дзецьмі,
калі сустракаў іх на зямлі.
Навучы па-дзіцячы поўнасцю давяраць Табе
і жыць ва ўпэўненасці,
што Ты ніколі не пакінеш мяне.

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'