Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:
Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцяў, і ад’ехаў. Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць талантаў. Таксама і той, які атрымаў два таланты, прыдбаў яшчэ два. А той, які атрымаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго.
Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку.
Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго.
Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго.
Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё.
Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: Нягодны і лянівы слуга, ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае. А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.