User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2023-03-26

Божая прысутнасць

Быць прысутным – значыць прыйсці і адкрыцца іншаму.
У той момант, калі я прыходжу сюды,
Бог ужо чакае мяне.
Бог заўсёды прыходзіць першым, жадаючы злучыцца са мной
і быць бліжэй, чым мой самы блізкі сябар.
Карыстаючыся гэтай магчымасцю, я вітаю Бога,
Які так любіць мяне.

Свабода

Пане, Ты стварыў мяне свабодным.
Часцей за ўсё, я прымаю гэты дар як належны.
Натхні мяне жыць у свабодзе так, як Ты прызначыў:
з лагодным сэрцам, поўным даверу да Цябе

Усведамленне

Калі я адчуваю цеплыню
сонечных промняў на твары,
Я ўсведамляю Тваю прысутнасць
у гэтым свеце.

Слова Божае

Ян 11, 3–7. 17. 20–27. 33b–45

Сёстры паслалі сказаць Езусу: Пане, той, каго Ты любіш, хворы. Пачуўшы гэта, Езус сказаў: Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Чалавечы праславіўся праз яе. Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара.

Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: Пойдзем зноў у Юдэю. Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.

Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе.

Езус сказаў ёй: Уваскрэсне брат твой. Марта сказала Яму: Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень. Езус сказаў ёй: Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?

Яна адказала Яму: Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет. Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: Дзе вы паклалі яго? Адказалі Яму: Пане, ідзі і паглядзі. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: Глядзі, як Ён любіў яго. А некаторыя з іх сказалі: Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Кажа Езус: Адсуньце камень. Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр. Езус кажа Ёй: Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі вонкі. І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Езус кажа ім: Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць.

Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Так, Евангелле ў эпізодзе з Лазарам нагадвае нам пра рэчаіснасць смерці, якой не пазбегне ніводзін чалавек. Евангеліст Ян прадстаўляе ва ўсёй трагічнасці супольнасць людзей перад абліччам смерці, робячы гэта як сапраўдны майстар і мастак, дазваляючы ўважліваму чытачу адчуць смерць усімі пачуццямі: глядзець унутраным зрокам на дэталі драматычнай сцэны; услухацца ў гора і адчай у галасах сясцёр Марты і Марыі; амаль адчуць горыч іхніх слёз; уявіць смурод мёртвага цела; адчуць велізарны цяжар каменю, які закрывае магілу…
  • Прынамсі для кагосьці з нас гэтыя элементы евангельскай сцэны нагадваюць цяжкія моманты смерці нашых блізкіх ці сяброў… Хіба найбольш вымоўнай чалавечай рэакцыяй перад абліччам смерці з’яўляецца плач — выраз бездапаможнасці, бязраднасці.
  • Нават сам Езус плача: Яго слёзы па сябры лучаць нашага Пана з усімі людзьмі, якія перажываюць горыч расстання са сваімі блізкімі. Яны паказваюць салідарнасць Божага Сына з лёсам чалавецтва — нашай гісторыяй, да якой дакранулася смерць.
  • Але слёзы Езуса — не выраз бязраднасці: гэта слёзы міласэрнасці, якія паказваюць Яго жаданне і гатоўнасць перамяніць чалавечы лёс. Тое, што Езус робіць для Лазара, — знак таго, што Ён зробіць, каб збавіць ад смерці ўсё чалавецтва, кожнага з нас. Езус не баіцца «адчуць пах» смерці — Ён настойвае на тым, каб адкрыць магілу, нягледзячы на пратэст Марты, бо сваім голасам, тым голасам, які ўсё паклікаў да існавання, Ён адзіны мае ўладу вярнуць свайго сябра да жыцця.
  • Нашая хвароба, слабасць, нашыя няўдачы, праблемы і цяжкасці, і нават смерць — гэта не параза, не трыумф зла, а шанц для таго, каб выявілася слава Божая — так, як гэта адбылося для Лазара, Марты і Марыі.

Размова

Якія пачуцці нараджаюцца ўва мне,
калі я малюся
або разважаю над Словам Божым?
Я ўяўляю, як Езус стаіць або сядзіць
побач са мной,
і адкрываю Яму сваё сэрца.

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'