User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2023-03-23

Божая прысутнасць

У кожную хвіліну дня і ночы
ты можаш паклікаць Езуса.
Ён заўсёды чакае твайго запрашэння.
Як жа гэта цудоўна...
Не патрэбныя тэлефоны і электронныя скрыні, толькі шэпт.

Свабода

Пане, Ты даў мне вялікі дар свабоды.
У цяперашнія часы, Божа, учыні мяне вольным
ад усіх формаў дыскрымінацыі і нецярпімасці.
Нагадай мне, Пане, што ўсе мы роўныя
у Тваіх Любячых вачах.

Усведамленне

Езу, у гэтыя хвіліны я згадваю
Тваю агонію ў Гетсіманскім садзе.
Так шмат разоў я звяртаўся да Цябе са сваім болем,
і Ты чуў мяне.
Няхай жа і я здолею
заўсёды адказваць на заклік аб дапамозе.

Слова Божае

Ян 5,31-47

Езус сказаў юдэям: Калі б Я сведчыў пра самога сябе, то сведчанне Маё не было б праўдзівае. Але ёсць іншы, хто сведчыць пра Мяне. І Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім ён сведчыць пра Мяне.

Вы пасылалі да Яна, і ён засведчыў аб праўдзе. Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя. Ён быў светачам, які гарэў і свяціў, а вы хацелі нейкі час парадавацца пры святле ягоным.

Я ж маю сведчанне большае за Янава. Бо справы, якія Айцец даў Мне здзейсніць, тыя справы, якія раблю, сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне. І Айцец, які паслаў Мяне, сам засведчыў пра Мяне. Вы ніколі не чулі голасу Ягонага, і не бачылі аблічча Яго; і не маеце слова Ягонага, якое б жыло ў вас, бо не верыце ў таго, каго Ён паслаў.

Вы даследуеце Пісанне, бо думаеце, што ў ім вы маеце жыццё вечнае; а яны і ёсць тым, што сведчыць пра Мяне. Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.

Я не прымаю славы ад людзей, але ведаю, што вы не маеце ў сабе любові Божай. Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне. Калі б іншы прыйшоў ва ўласнае імя, вы прынялі б яго. Як вы можаце верыць, калі прымаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая паходзіць ад адзінага Бога, не шукаеце?

Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом. Майсей – вось абвінаваўца ваш, на якога вы спадзеяцеся. Бо калі б вы верылі Майсею, паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне. А калі не верыце пісанням ягоным, як паверыце Маім словам?

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Складаны тэкст. Аднак малітва – гэта не вучоба. Засяродзься на тым, што разумееш! Езус заўсёды ведаў, што быў пасланы сваім Айцом. Адзінае адабрэнне, якое мае значэнне, – гэта адабрэнне Айца, якое Ён атрымаў падчас Хросту і Перамянення. «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў». (Мц 3:17, 17:5). Хоць Езус мае ўнутраную свабоду гаварыць пра Айца і Яго Валадарства, нягледзячы на ​​супраціў, Ён, як і мы, адчувальны да кпінаў і варожасці.
  • Падзякуй Пану за падтрымку, якая ідзе з дому, школы, працы і ад сяброў. Імкніся прабачыць тым, хто быў крыніцай расчаравання. Прасі аб ласцы працягваць расці ў свабодзе быць самім сабой, казаць праўду і сведчыць аб уваскрослым Езусе.

Размова

Ці здольны я акрэсліць, якую рэакцыю
выклікае малітва Божым Словам?
Адчуваю сябе збянтэжаным,
усцешаным, раззлаваным?
Езус побач са мной.
Я магу расказаць Яму, як сябру,
пра ўсе свае пачуцці.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'