User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2022-12-04

Божая прысутнасць

Некалькі хвілін я разважаю пра нябачную прысутнасць Бога ў рэчах:
Ён дае існаванне элементам,
жыццё – раслінам, адчуванне – жывёлам,
нарэшце, Ён прысутны ўва мне
і шчодра надзяляе мяне Сваімі дарамі,
робіць мяне святыняй, месцам прабывання Духа.

Свабода

Я буду прасіць Божай дапамогі,
каб вызваліцца ад сваёй заклапочанасці,
адкрыць сваё сэрца Богу
ў гэты час малітвы,
каб яшчэ больш
пазнаваць, любіць і служыць Яму.

Усведамленне

Добры Божа, дапамажы ўсведамляць
Тваю прысутнасць,
Тваю моц і Тваю любоў
праз усе дні жыцця майго.

Слова Божае

Мц 3:1-12

У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае. Бо гэта той, пра каго сказаў прарок Ісая: Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму.

Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх; а ежай яму была саранча і дзікі мёд. Тады Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана выходзілі да Яго. І прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі.

Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад надыходзячага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння, і не думайце казаць у думках сваіх: Наш айцец — Абрагам. Бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў  агонь.

Я хрышчу вас у вадзе для пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я не варты несці сандалі Ягоныя. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў свіран, а мякіну спаліць агнём непагасным.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Ян мае зусім не салодкае пасланне для фарысеяў і садукеяў, якія да яго прыходзяць. Ад іх ён чакае не проста нейкіх «касметычных змен», але прыняцця цалкам новага стану рэчаў. Як мы ведаем з далейшага евангельскага аповеду, менавіта гэтыя групы юдэяў супраціўляліся той навізне, што прынёс Езус Хрыстус сваім вучэннем і прыкладам. І нам таксама патрэбны моцны штуршок, калі наша вера стала надта «прыручанай», выгоднай, калі з Богам у нас «панібрацкія» адносіны — гэта значыць, што не мы «рыхтуем дарогу Пану, раўняем сцежкі Яму», а чакаем, каб Ён падрыхтаваў дарогу для нашых амбіцый, планаў, памкненняў — не клапоцячыся, ці супадаюць яны з Яго воляй.
  • Наўрад ці ад нас патрабуецца пераняць суровы стыль жыцця Яна Хрысціцеля, аднак у евангельскім апісанні ёсць вельмі важныя ўказанні для нас у любых жыццёвых абставінах. Евангельскі аповед кажа пра адзенне Яна і пра ягоную «дыету». Цікава, што ад лацінскага слова habitus, якое азначае «адзенне» (адсюль манаскі «габіт»), паходзіць слова «звычка» ў сучасных заходніх мовах. Нават калі, выходзячы метафарычна ў пустыню следам за заклікам да навяртання, мы не пераапранемся ў адзенне з вярблюджай воўны, нам напэўна трэба паглядзець на нашыя звычкі: не ўсведамляючы гэтага (а часта і не жадаючы нават усвядоміць), мы робімся закладнікамі такога тыпу паводзінаў, які насамрэч нават не выбіраем свабодна, а паўтараем бяздумна, не пытаючыся, ці вядуць яны нас у добрым напрамку, ці дапамагаюць узрастаць у цнотах. А калі нават убачым і ўсвядомім неабходнасць пераменаў, не маем сілы штосьці змяніць, бо звычка сталася «другой натурай»…
  • Вось чаму нам патрэбны Той, хто «будзе хрысціць Духам Святым і агнём», хто «ачысціць гумно» нашай душы: без агню Ягонай любові, які саграе, асвятляе і ачышчае, мы не дасягнем мэты.

Размова

Езу, Ты заўсёды быў чулы з малымі дзецьмі,
калі сустракаў іх на зямлі.
Навучы па-дзіцячы поўнасцю давяраць Табе
і жыць ва ўпэўненасці,
што Ты ніколі не пакінеш мяне.

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'