User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2022-09-25

Божая прысутнасць

Мая душа тужыць па Табе, Пане.
Калі я кірую да Цябе свае думкі,
то знаходжу супакой і наталенне прагі.

Свабода

Бог не супярэчыць маёй свабодзе.
Дух удыхае жыццё
ў мае самыя патаемныя жаданні,
мякка зааахвочваючы мяне да дабра.
І я прашу аб ласцы,
каб Дух агарнуў мяне.

Усведамленне

Калі я адчуваю цеплыню
сонечных промняў на твары,
Я ўсведамляю Тваю прысутнасць
у гэтым свеце.

Слова Божае

Лк 16,19-31

Езус сказаў фарысеям: Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак, па імені Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя.

Памёр жабрак і ўзнесены быў Анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты і быў пахаваны. У пекле, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. І, усклікнуўшы, сказаў: Ойча Абрагаме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб памачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым. Але Абрагам сказаў: Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці.

Тады сказаў ён: Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты. Абрагам адказаў: У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх. А ён сказаў: Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. Тады Абрагам сказаў яму: Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць.

 

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Сцвярджэнне, што «калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць», адсылае нас да падзей пасля ўваскрасення самога Хрыста. Евангеліст Мацвей асаблівым чынам падкрэслівае, што пасля паўстання з мёртвых Езуса першасвятары вырашылі падкупіць варту, каб тыя маўчалі пра тое, што бачылі, бо гэта прасцей, чым дазволіць сябе пераканаць у месіянстве Езуса і сапраўднасці Ягонага Евангелля.
  • У прыпавесці Абрагам кажа багачу, што ў ягоных братоў «ёсць Майсей і прарокі» — дастаткова слухацца Божага аб’яўлення, дадзенага ў Пісаннях. Аднак, відавочна, для тых, у каго «неабрэзаныя вушы і сэрца» (пар. Дз 7, 51), ніякае сведчанне не будзе пераканаўчым. У фінале прыпавесці Езуса ёсць пасланне і да нас: Бог звяртаецца праз Таго, хто прыйшоў выканаць Закон і Прарокаў (пар. Мц 5, 17), пра каго кажуць Пісанні (пар. Ян 5, 39), хто ёсць «Дарога, Праўда і Жыццё» (Ян 14, 6). Так, як браты багача, мы ўсе маем патрэбу ў навяртанні, і нам сёння дадзены шанц услухацца і быць паслухмянымі «словам жыцця вечнага» (Ян 6, 68).
  • Сёння Хрыстус вучыць нас прыняць Яго самога ў тым бедным, які жыве побач з намі — у матэрыяльным ці ў іншым сэнсе, — наследуючы Яго, які «стаў бедным дзеля нас, каб мы ўзбагаціліся Ягоным убоствам», як сцвярджае акламацыя перад Евангеллем (2 Кар 8, 9).

Размова

Часам я задаюся пытаннем, што б я сказаў,
сустрэўшыся з Табой асабіста, Пане.
Магчыма, так: “Дзякую, Божа, што Ты заўсёды са мной”.
Я добра ведаю, што былі часы,
калі ты нёс мяне, Пане.
Калі толькі Тваёй моцай я прайшоў
скрозь цёмныя перыяды жыцця.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'