User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2022-01-16

Божая прысутнасць

"Прыйдзіце да Мяне,
усе спрацаваныя і абцяжараныя,
і Я супакою вас."
Вось я, Пане,
прыходжу спазнаць Тваю прысутнасць.
Прагну прыняць Тваё ацаленне.

Свабода

Пане, Ты даў мне вялікі дар свабоды.
У цяперашнія часы, Божа, учыні мяне вольным
ад усіх формаў дыскрымінацыі і нецярпімасці.
Нагадай мне, Пане, што ўсе мы роўныя
у Тваіх Любячых вачах.

Усведамленне

Дапамажы мне, Божа,
лепш усведамляць Тваю прысутнасць.
Навучы мяне пазнаваць Цябе ў іншых.
Напоўні маё сэрца ўдзячнасцю за выпадкі,
калі Твая любоў праявілася
праз клопат іншых пра мяне.

Слова Божае

Ян 2:1-11

А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя. І калі скончылася віно, Маці Езуса сказаў Яму: «Не маюць віна». Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».

Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры. Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж да верху. І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль». Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Евангельскі аповед указвае на прысутнасць яшчэ адной асобы, чыя ініцыятыва неабходная, каб адбыўся цуд: Марыі, Маці Езуса. У адказ на заўвагу Маці пра недахоп віна Хрыстус звяртаецца да Яе: «Жанчына», такім чынам нібыта ўказваючы, што Яна — новая Ева. Сапраўды, Яна «спакушае» свайго Сына — новага Адама, каб Ён «парушыў правілы» (бо Яго гадзіна яшчэ не надышла), але гэтая «спакуса» не дзеля зла, а дзеля дабра.
  • У Чацвёртым Евангеллі Маці Езуса ўзгадваецца яшчэ толькі адзін раз — калі з дрэва крыжа Божы Сын аддае Яе як Маці свайму ўмілаванаму вучню. Марыя — пасрэдніца паміж Езусам і тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе. «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце,» — гэтыя словы Маці Збаўцы не перастае скіроўваць да тых, хто даручаны Яе апецы. Яна кажа паступаць так, як сама ўчыніла, калі адказала Богу «так» на Яго запрашэнне ўвайсці непаўторным чынам у гісторыю збаўлення.
  • Супраць непаслухмянасці Евы, Марыя для нас з’яўляецца ўзорам паслухмянасці: прыняцця ў сваім жыцці таго слова, якое не адбірае свабоду, а, наадварот, вядзе да паўнаты свабоды ў супрацоўніцтве з вялікім Божым планам для чалавецтва — сям’і Божых дзяцей. Праз сваю прысутнасць і ўважлівасць Марыя не толькі дапамагае ўратаваць маладых ад сораму, але і спрыяе таму, што вучні Езуса вераць у Яго. Дакладна гэта і далей робіць Маці Божая: жадае прывесці ўсіх да веры і паслухмянасці свайму Сыну, каб аб’явілася Ягоная слава ў іхнім жыцці. Дзеля гэтага мы створаны і пакліканы — каб жыць у славе Спрадвечнага і Усемагутнага Бога, які адкрывае нам свой твар у Езусе Хрысце.

Размова

Езус часта задаваў пытанні людзям,
якія прыходзілі да Яго.
Я імкнуся адчуць, што Ён блізка ў гэтыя хвіліны,
слухае маю малітву і пытаецца:
"Чаго ты жадаеш?"
“Як табе дапамагчы?”
“Што Я магу табе даць?”

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'