User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2021-10-17

Божая прысутнасць

Біццё майго сэрца, дыханне, рух маіх думак –
знакі таго, што Бог працягвае мяне ствараць.
Я спыняюся на імгненне і стараюся ўсвядоміць
гэтую прысутнасць Бога ўва мне.

Свабода

Бог не супярэчыць маёй свабодзе.
Дух удыхае жыццё
ў мае самыя патаемныя жаданні,
мякка зааахвочваючы мяне да дабра.
І я прашу аб ласцы,
каб Дух агарнуў мяне.

Усведамленне

Я нагадваю сабе,
што знаходжуся ў прысутнасці Бога.
Я знаходжу прытулак у Яго Сэрцы.
Ён – мая моц у хвіліны слабасці,
Ён – маё суцяшэнне ў хвіліны смутку.

Слова Божае

Мк 10:42-45

Езус паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.

Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Улада сама па сабе не з’яўляецца чымсьці дрэнным: у адносінах паміж людзьмі ў малым ці вялікім маштабе – у сям’і, у працы, у грамадстве – яе вартасць акрэсліваецца тым, дзеля чаго яна выкарыстоўваецца. Прызначэнне ўлады ў тым, каб рабіць дабро іншым, клапоцячыся пра іх патрэбы паводле нашых магчымасцяў. Як сцвярджае Езус, напэўна не без болю, у гэтым свеце тыя, хто мае ўладу, часта выкарыстоўваюць яе дзеля сваіх інтарэсаў і проста дзеля таго, каб паказаць сваю ўяўную перавагу над іншымі. (Варта памятаць, што такім чынам часта дзейнічае механізм кампенсацыі: чалавек імкнецца кампенсаваць недахоп любові ці прыніжэнне, якое дазнаў у дзяцінстве…)
  • Езус жа ў чарговы раз нагадвае пра сапраўдную веліч паводле крытэрыяў Божага Валадарства: вялікі той, хто ўмее выкарыстаць дадзеную яму ўладу дзеля служэння, уцелаўляючы запаведзь любові ў канкрэтных абставінах.
  • <...> Нам, хрысціянам, варта памятаць, чыім патомствам мы з’яўляемся: сувязь са Хрыстом акрэслівае нас больш, чым прыналежнасць да нашай сям’і, народу ці культуры. Пасхальны парадокс немагчыма выкрасліць і з нашай асабістай гісторыі: мы “аддаём” сваё жыццё дзень па дню, хочам мы таго ці не, але ад нас залежыць, дзеля чаго мы яго аддаём: дзеля ілюзорнай пагоні за ўладай і кантролем, кампенсацыйнага задавальнення нашых амбіцый і капрызаў ці дзеля любові, якая ўцеляўляецца ў служэнні і робіць нас падобнымі да Таго, Хто палюбіў нас да канца.

Размова

Ці кранула Мяне Божае Слова?
Ці сёння пакінула мяне халодным?
Можа, суцешыла мяне?
Прымусіла змяніць мае паводзіны?
Я ўяўляю, як Езус стаіць
або сядзіць побач са мной,
і я дзялюся з Ім маімі пачуццямі.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'