User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2021-08-01

Божая прысутнасць

Чым часцей мы клічам Бога,
тым лепш адчуваем Яго прысутнасць.
Дзень за днём
мы набліжаемся
да Божага Сэрца, напоўненага Любоўю.

Свабода

Я прагну ўбачыць вачамі веры,
якім я мог бы быць і што рабіць,
калі б толькі дазволіў Богу,
майму любячаму Творцу,
працягваць ствараць, вясці і фарміраваць мяне.

Усведамленне

Я нагадваю сабе,
што знаходжуся ў прысутнасці Бога.
Я знаходжу прытулак у Яго Сэрцы.
Ён – мая моц у хвіліны слабасці,
Ён – маё суцяшэнне ў хвіліны смутку.

Слова Божае

Ян 6:24-35

Калі людзі ўбачылі, што тут няма ні Езуса, ні Ягоных вучняў, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: Раббі, калі Ты прыбыў сюды?

Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец.

А яны сказалі Яму: Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?

Езус адказаў ім: У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў.

Народ сказаў Езусу: Які ж Ты зробіш цуд, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: Хлеб з неба даў ім есці.

Езус адказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы ёсць той, які сыходзіць з неба і дае жыццё свету.

Тады сказалі Яму: Пане, давай нам заўсёды такі хлеб.

Езус адказаў ім: Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • “Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы”. У наш час гэты заклік застаецца такім жа складаным, як і ў часы Езуса: працаваць не дзеля таго, што гіне, але дзеля таго, што трывае. Наш свет, такі канкурэнтны і матэрыялістычны, рухаецца ў адваротным кірунку, падштурхоўваючы нас задавольваць свае часовыя патрэбы і жаданні і забываць пра ўсё тое, што застаецца ў вечнасці. Я малюся аб мудрасці, каб ведаць, як выбіраць паміж тым, што трывае, тым, што мінае, а таксама аб мужнасці рабіць рэчы больш важныя.
  • “Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць”. У гэтай доўгай размове Езус выказвае вельмі важнае сцвярджэнне. Разважаю над Яго ўрачыстымі словамі і прашу даць мне разуменне і вялікае сэрца, якое прагне верыць у Езуса.

Размова

Езу, Ты прамаўляеш да мяне
праз словы Евангелля.
Няхай адкажу я сёння
на Тваё запрашэнне.
Навучы мяне пазнаваць Тваю далонь
у паўсядзённым жыцці.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'