User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2021-06-13

Божая прысутнасць

У кожную хвіліну дня і ночы
ты можаш паклікаць Езуса.
Ён заўсёды чакае твайго запрашэння.
Як жа гэта цудоўна...
Не патрэбныя тэлефоны і электронныя скрыні, толькі шэпт.

Свабода

Калі Бог пажадае мне нешта сказаць,
ці зразумею я?
Калі Бог будзе суцяшаць альбо выпрабоўваць мяне,
ці я здолею заўважыць?
Я прашу аб ласцы быць свабодным
ад сваёй прадузятасці
і адкрыццца на ўсё, што Бог хоча мне сказаць.

Усведамленне

Калі я адчуваю цеплыню
сонечных промняў на твары,
Я ўсведамляю Тваю прысутнасць
у гэтым свеце.

Слова Божае

Мк 4:26-34

Езус сказаў народу: Валадарства Божае, нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае. Бо зямля прыносіць плён сама па сабе: спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво.

І казаў: З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно — як гарчычнае зерне: калі яго сеюць ў зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, і пускае вялікае галлё, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя.

У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Нам варта таксама ўсведамляць, чаму Пан Езус так вельмі любіць выкарыстоўваць у сваіх настаўленнях жанр прыпавесці: алегарычныя вобразы прымушаюць нас не проста чакаць гатовых рацыянальных адказаў, а самім уключыцца ў працэс інтэрпрэтацыі, засвоіць паставу засяроджанага і маўклівага сузірання, шукаць сэнс таго, што адкрывае нешта істотнае пра кірунак нашага жыцця і такім чынам перамяняе нас.
  • Таямніца Божага Валадарства недаступная нашаму звычайнаму ўспрыманню, бо закранае тайну самога Бога, а думаць, што мы зразумелі Божую сутнасць — і недарэчна, і вельмі небяспечна. Аднак Пан, Стварыцель усяго, жадае адкрыць сябе і сваю задуму нам, сваім дзецям, калі мы з пакорай і чыстым сэрцам шукаем Яго. Бог, наш Айцец, прамаўляе да нас праз створаны сусвет, прасякнуы Яго веліччу і дабрынёй. Праз вобраз зерня Езус паказвае нам, што за працэсам кожнага росту хаваецца Божая сіла, Божае жаданне благаслаўляць стварэнне ў яго разнароднасці і багацці, паводле наказу «пладзіцца і размнажацца», які на самай першай старонцы Бібліі Пан дае жывым істотам.
  • Але для чалавека як духоўнай істоты, акрамя фізічнага росту, ёсць і сфера духоўнага развіцця: тая сфера, у якой праяўляецца наша падабенства да Бога, паводле вобразу якога мы створаныя. Гэта рэчаіснасць Божага Валадарства.

Размова

Езу, Ты заўсёды быў чулы з малымі дзецьмі,
калі сустракаў іх на зямлі.
Навучы па-дзіцячы поўнасцю давяраць Табе
і жыць ва ўпэўненасці,
што Ты ніколі не пакінеш мяне.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'