User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2021-05-02

Божая прысутнасць

Божа, Які любіш мяне,
дапамажы мне
быць адкрытым на Цябе зараз,
калі я адклаў клопаты гэтага свету.
Напоўні мае думкі Тваім спакоем,
Тваёй любоўю.

Свабода

Пане, адары мяне ласкай
свабоды духа.
Ачысці маё сэрца і душу,
каб я мог радасна жыць ў Тваёй любові.

Усведамленне

Дапамажы мне, Божа,
лепш усведамляць Тваю прысутнасць.
Навучы мяне пазнаваць Цябе ў іншых.
Напоўні маё сэрца ўдзячнасцю за выпадкі,
калі Твая любоў праявілася
праз клопат іншых пра мяне.

Слова Божае

Ян 15:1-8

Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Кожны з нас існуе як асобны індывід, аднак у той жа час звязаны з рэштай стварэння і не можа існаваць адасоблена. Наша сувязь з зямлёй, з яе гравітацыяй, наша залежнасць ад паветра, якім напоўнена атмасфера, нябачныя, але вельмі рэальныя, фізічныя, матэрыяльныя. Падобная сувязь існуе і ў іншых вымярэннях нашага жыцця: чалавек не можа выжыць не толькі без тых дароў, што дае яму зямля, але і без соцыюма, без прыналежнасці да супольнасці людзей. Вобраз вінаграднай лазы, да якога звяртаецца Езус у сённяшнім евангельскім урыўку, указвае на яшчэ адзін від повязі, без якой чалавек не можа па-сапраўднаму жыць: наша сувязь з Ім, Божым Сынам, і праз Яго — з Айцом.
  • Менавіта гэтае духоўнае вымярэнне адкрывае паўнату нашага існавання: нашу сутнасць дзяцей Божых, у чыіх жылах цячэ «лімфа», кроў Божага Сына. Езус кажа: «Я — сапраўдная вінаградная лаза», і гэта падкрэсленне можа здавацца дзіўным, бо ці ж не пра метафару гаворка? Але Езус насамрэч указвае на тое, што Ён — той, хто ахоплівае сабой усё існае, па-сапраўднаму трымае ўсё разам: без Яго нішто не можа існаваць.
  • П’ер Тэяр дэ Шардэн, езуіт-вучоны, які ў свае багаслоўскія творы стараўся інтэграваць эвалюцыйнае бачанне Сусвету, казаў пра Хрыста як пра мэту эвалюцыі ўсяго стварэння: усё існае імкнецца да таго, каб у Ім, Божым Сыне і Слове, знайсці канчатковае прызначэнне, атрымаць паўнату. Па-за Ім — толькі «небыццё», смерць: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць».

Размова

Ці кранула Мяне Божае Слова?
Ці сёння пакінула мяне халодным?
Можа, суцешыла мяне?
Прымусіла змяніць мае паводзіны?
Я ўяўляю, як Езус стаіць
або сядзіць побач са мной,
і я дзялюся з Ім маімі пачуццямі.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'