User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2021-04-11

Божая прысутнасць

На імгненне я спыняюся
і думаю пра любоў і ласку,
што спасылае на мяне Бог,
Які стварыў мяне на Свой вобраз і падабенства,
які зрабіў мяне Сваёй Святыняй...

Свабода

“Я свабодны”.
Калі я бачу перад сабой гэтыя словы,
адчуваю глыбокую павагу.
Цудоўнае пачуццё свабоды...
Дзякую Табе, Божа.

Усведамленне

Я існую ў сетцы адносінаў –
з прыродай, людзьмі, Богам.
Я прасочваю сувязі гэтых звёнаў,
прыносячы ўдзячнасць жыццю,
якое цячэ па ім.
Некаторыя звёны гэтага ланцужка
зблытаныя або разарваныя,
і я адчуваю шкадаванне, гнеў, прыкрасць.
І я малюся аб дары прыняцця і прабачэння.

Слова Божае

Ян 20:19-31

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.

Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.

І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Езус прыходзіць да вучняў у дзень свайго ўваскрасення і праз тыдзень зноў стаіць сярод іх: такім чынам усталёўаецца «рытм» прысутнасці Пана, які доўжыцца ў супольнасці Ягоных вучняў да сённяшняга дня — да нашай сённяшняй супольнай сустрэчы з Ім у дзень, асвячаны для Пана. Евангеліст Ян у некалькіх радках змяшчае ўсё багацце таго, што адбываецца на працягу гэтай сустрэчы тады і цяпер: жывая прысутнасць уваскрослага Пана напаўняе спалоханых вучняў радасцю і супакоем, яны атрымліваюць Духа Святога праз подых Езуса, каб несці прымірэнне ўсім; няверуючы ж вучань атрымлівае шанц паверыць і вызнае Езуса сваім Панам і Богам.
  • Сустрэча ў супольнасці і сустрэча асабістая: вось два неабходныя і непадзельныя бакі адзінай рэчаіснасці прысутнасці Уваскрослага Хрыста для тых, хто прымае Яго як Месію, Збаўцу свету.

Размова

Ці здольны я акрэсліць, якую рэакцыю
выклікае малітва Божым Словам?
Адчуваю сябе збянтэжаным,
усцешаным, раззлаваным?
Езус побач са мной.
Я магу расказаць Яму, як сябру,
пра ўсе свае пачуцці.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'