User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2021-04-09

Божая прысутнасць

Божа, Ты так мяне любіш,
дапамажы мне зараз адкрыцца Табе,
калі я не зважаю на клопаты гэтага свету.
Напоўні мае думкі Тваім спакоем,
Тваёй Любоўю.

Свабода

Я буду прасіць Божай дапамогі,
каб вызваліцца ад сваёй заклапочанасці,
адкрыць сваё сэрца Богу
ў гэты час малітвы,
каб яшчэ больш
пазнаваць, любіць і служыць Яму.

Усведамленне

У якіх сферах свайго жыцця
я сустракаю надзею, падбадзёрваюся,
бачу перспектывы росту?
Прыгадваючы мінулыя некалькі месяцаў,
ці не адчуваю я, якая дзейнасць і якія падзеі
прыносілі багаты плён?
Калі так, то я прымаю рашэнне
прысвячаць ім больш часу
і магчымасцяў у будучым.

Слова Божае

Ян 21:1-13

Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Дыдым, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Завядзея і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр кажа ім: Іду лавіць рыбу. Яны адказалі яму: І мы пойдзем з табою. Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.

Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Кажа ім Езус: Дзеці, ці маеце чаго з’есці? Яны адказалі Яму: Не.

А Ён сказаў ім: Закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.

Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: Гэта Пан. Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чаўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, а сетку з рыбай цягнулі за сабою.

І калі выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. І сказаў ім Езус: Прынясіце яшчэ рыбы, што цяпер налавілі. Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Кажа ім Езус: Хадзіце ж, снедайце! Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: Хто Ты? – бо ведалі, што гэта Пан. А Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу.

Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Вучні ўжо двойчы бачылі Езуса, але ўсё роўна адчуваюць сябе асірацелымі на зямлі. Спрабуючы знайсці “грунт пад нагамі”, яны шукаюць яго ў знаёмым занятку: у чаўне на хвалях Тыберыядскага мора. Але лоў безвыніковы, ніводнай рыбкі, ніякай палёгкі, толькі голад. Часта і мне здараецца дасведчыць такую ж тугу і марнасць намаганняў, але каб кінуць бясплодны занятак і вярнуцца на бераг, дзе чакае Езус, трэба навучыца слухаць сэрцам.
  • Езус дае вучням хлеб і рыбу – простае сняданне, і адначасова такое незвычайнае, бо вучні пазналі Пана і ведалі, з чыіх рук яны прымаюць пасілак. Бог штодня дае мне мноства самых звычайных падзей і рэчаў, заданняў і сустрэч, сапраўды вельмі розных, але перавітых Яго любоўю. Як я прымаю гэта ўсё? Толькі выкананне Божай волі можа мяне накарміць.

Размова

Пане, калі звяртаюся да Цябе,
я ведаю, што няма неабходнасці ў шматлікіх словах.
Ты бачыш маё сэрца.
Ты ведаеш мае жаданні і патрэбы.
Я аддаю сябе ў Твае рукі.

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'