User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2021-04-07

Божая прысутнасць

Я разважаю аб прысутнасці Бога навокал і ўва мне.
Стварыцель Сусвету, Сонца і Месяца, Зямлі,
кожнай малекулы, кожнага атама, – усяго, што ёсць:
Бог прысутны ў кожным удары майго сэрца. Бог са мной. Цяпер.

Свабода

Пане, Твая смерць на крыжы вызваліла мяне.
Я магу жыць радасна і свабодна
без страху смерці.
Міласэрнасць Твая не мае межаў.

Усведамленне

Езу, у гэтыя хвіліны я згадваю
Тваю агонію ў Гетсіманскім садзе.
Так шмат разоў я звяртаўся да Цябе са сваім болем,
і Ты чуў мяне.
Няхай жа і я здолею
заўсёды адказваць на заклік аб дапамозе.

Слова Божае

Лк 24:13-35

Вось двое вучняў Езуса ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.

І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою? І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: Ты, напэўна, адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася. І спытаў у іх: Што?

Яны сказалі Яму: Тое, што сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як  гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі.

Тады Ён сказаў ім: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы:  Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?

І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем, і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • "А мы спадзяваліся..." Магчыма, і ў тваім жыцці быў (ці ёсць) такі час, калі надзеі не спраўджваліся, чаканні не рэалізоўваліся; варта папрасіць Езуса “прайсці” цераз іх разам з табой і пагаварыць аб усім.
  • У сённяшнім чытанні Езус суцяшае, узнімае на духу. Як Ён спагадаў табе ў складаных жыццёвых сітуацыях? Успомні таксама моманты, як ты сам, суцяшаючы церпячых, пачуваўся благаслаўлёным, акрыленым. Магчыма, і аб гэтым ты таксама захочаш пагаварыць з Езусам.

Размова

Што адбываецца ў маёй душы
падчас малітвы?
Я адчуваю суцяшэнне, неспакой
або застаюся абыякавым?
Я ўяўляю, што Езус стаіць або сядзіць
вельмі блізка ад мяне,
і дзялюся з Ім усім, што адчуваю.

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'