User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2021-04-05

Божая прысутнасць

Пакуль я сяджу тут за камп’ютарам
або з тэлефонам,
Бог побач са мной,
удыхае жыццё ў маё існаванне
і ў навакольны свет.
Некалькі хвілін я застаюся ў цішыні,
каб усвядоміць любячую прысутнасць Бога.

Свабода

“Я свабодны”.
Калі я бачу перад сабой гэтыя словы,
адчуваю глыбокую павагу.
Цудоўнае пачуццё свабоды...
Дзякую Табе, Божа.

Усведамленне

Пане, Ты даў мне начны сон, каб адпачыць.
Падчас дзённай актыўнасці
не дазволь мне забывацца пра Тваю дабрыню.
Навучы мяне дзяліцца з іншымі Тваімі дарамі.

Слова Божае

Мц 28:8-10

Жанчыны, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю пабеглі паведаміць вучням Ягоным. І вось Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: Вітайце. Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. Тады кажа ім Езус: Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць.

Калі яны былі ў дарозе, некаторыя з варты прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што сталася. Тыя сабраліся са старэйшынамі, параіліся і далі жаўнерам даволі шмат сярэбранікаў, кажучы:

Скажыце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і выкралі Яго, калі мы спалі. І калі гэта дойдзе да вушэй намесніка, мы пераканаем яго і ўратуем вас ад непрыемнасцяў.

Яны ж узялі сярэбранікі і зрабілі так, як іх навучылі. І разнеслася чутка пра гэта сярод юдэяў аж да сённяшняга дня.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Калі яны ўбачылі Езуса, страх напэўна знік, і вялікая радасць перапоўніла іх. У будучых выпрабаваннях радасць гэтага дня застанецца з апосталамі, нават у часы мучаніцтва і пераследванняў.
  • Пане, ты напаўняеш мяне ўсеабдымнай радасцю і заклікаеш мяне не баяцца. Умацаваўшы мяне нечаканай сустрэчай, Ты пасылаеш мяне ў "Галілею" майго свету, дзе я магу сустрэць Цябе ў бедных, церпячых і прыгнечаных. Дай мне быць Тваім сведкам, носьбітам надзеі і натхнення для ўсіх, каго я сустракаю на сваім шляху.

Размова

Езу, Ты прамаўляеш да мяне
праз словы Евангелля.
Няхай адкажу я сёння
на Тваё запрашэнне.
Навучы мяне пазнаваць Тваю далонь
у паўсядзённым жыцці.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'