User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2021-02-21

Божая прысутнасць

Бог заўсёды прабывае з любоўю
ва мностве рэчаў, якія дапамагаюць мне ўзрастаць.
Я спыняюся і прашу Яго
дзейнічаць менавіта зараз.

Свабода

Я буду прасіць Божай дапамогі,
каб вызваліцца ад сваёй заклапочанасці,
адкрыць сваё сэрца Богу
ў гэты час малітвы,
каб яшчэ больш
пазнаваць, любіць і служыць Яму.

Усведамленне

Я задаю сабе пытанне,
што сёння адбываецца ўнутры мяне.
Ці я занадта стаміўся,
засмучаны або не ў настроі?
І калі гэта так, 
ці ў стане я забыцца пра тое,
што мяне непакоіць?

Слова Божае

Мк 1:12-15

Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму. Пасля ж таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • «Наблізілася Валадарства Божае», прапаведуе Хрыстус, але часам рэчаіснасць Валадарства нам здаецца вельмі далёкай. Чалавек таксама «выпрабоўвае» Бога, калі ставіць пад пытанне Яго існаванне і Ягоныя шляхі. Так, як гэта робіць Ізраэль у момант цяжкасцяў, пытаючыся «Ці сапраўды Пан прабывае паміж нас, ці не?» (Зых 17, 7), і мы — асабіста і як народ — перад абліччам цярпення і зла можам узносіць падобны крык.
  • У кожнага з нас ёсць свае месцы спакусаў, але гэта пытанне падсумоўвае наша сумеснае выпрабаванне апошніх месяцаў: ці Бог памятае пра нас? Ці Ён жадае нам дапамагчы, уратаваць ад злога? — Менавіта ў такіх сітуацыях мы найбольш маем патрэбу ў той надзеі, крыніца якой знаходзіцца толькі ў Богу і ў Ягоным абяцанні сваім дзецям: «Я з табой». Толькі прымаючы гэтае абяцанне, мы пераможам спакусу страху і адчаю. Калі Пан пасылае нас змагацца са злом, як у свой час паслаў Майсея да фараона, Ён абяцае: «Я буду з табой» (Зых 3, 12).

Размова

Ці кранула Мяне Божае Слова?
Ці сёння пакінула мяне халодным?
Можа, суцешыла мяне?
Прымусіла змяніць мае паводзіны?
Я ўяўляю, як Езус стаіць
або сядзіць побач са мной,
і я дзялюся з Ім маімі пачуццямі.

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'