User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2020-11-22

Божая прысутнасць

Біццё майго сэрца, дыханне, рух маіх думак –
знакі таго, што Бог працягвае мяне ствараць.
Я спыняюся на імгненне і стараюся ўсвядоміць
гэтую прысутнасць Бога ўва мне.

Свабода

“Я свабодны”.
Калі я бачу перад сабой гэтыя словы,
адчуваю глыбокую павагу.
Цудоўнае пачуццё свабоды...
Дзякую Табе, Божа.

Усведамленне

Дапамажы мне, Божа,
лепш усведамляць Тваю прысутнасць.
Навучы мяне пазнаваць Цябе ў іншых.
Напоўні маё сэрца ўдзячнасцю за выпадкі,
калі Твая любоў праявілася
праз клопат іншых пра мяне.

Слова Божае

Мц 25:31-46

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч.

Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету.

Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці;
прагнуў, і вы напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы прынялі Мяне;
быў голы, і вы апранулі Мяне;
быў хворы, і вы адведалі Мяне;
быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне.

Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?

I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.

Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.

Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці;
прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне;
быў голы, і вы не апранулі Мяне;
быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне.

Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе? 

Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Чалавечыя суды ў гэтым свеце часта становяцца прыладай несправядлівасці, насілля і прыгнёту з боку ўлады, як, на жаль, мы можам назіраць амаль кожны дзень у нашай краіне. Але, як вучыць нас Пан і Валадар усяго існага праз сваё слова (пар. Пс 94 (93), 8–10), толькі недалёкі чалавек думае, што Бог не бачыць беззаконня і згаджаецца з ім, што за чалавечай уладай і сілай — апошняе слова, што не будзе іншага суду паводле нябеснай справядлівасці — канчатковай «вышэйшай інстанцыі», дзе нельга «выкруціцца» пры дапамозе хлусні і маніпуляцый.
  • У сваім вучэнні Езус нярэдка ўзгадвае сканчэнне свету (гл. Мц 13, 40.49): менавіта з перспектывы канца можна ацаніць сапраўдную вартасць нейкай справы, у тым ліку чалавечага жыцця. Але тое, што Езус кажа пра канец вякоў, — не «футуралогія»: гэта мае непасрэднае дачыненне да нашага «сёння». Усемагутны Валадар, які нас сустрэне ў момант смерці і перад чыім судом мы апынемся, у кожны момант нашага існавання звяртаецца да нас, заклікаючы кіравацца Словам Жыцця, дазваляючы праз веру і любоў дакрануцца ўжо цяпер да вечнасці.

Размова

Што адбываецца ў маёй душы
падчас малітвы?
Я адчуваю суцяшэнне, неспакой
або застаюся абыякавым?
Я ўяўляю, што Езус стаіць або сядзіць
вельмі блізка ад мяне,
і дзялюся з Ім усім, што адчуваю.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'