User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2020-08-03

Божая прысутнасць

На імгненне я спыняюся
і думаю пра любоў і ласку,
што спасылае на мяне Бог,
Які стварыў мяне на Свой вобраз і падабенства,
які зрабіў мяне Сваёй Святыняй...

Свабода

“Я свабодны”.
Калі я бачу перад сабой гэтыя словы,
адчуваю глыбокую павагу.
Цудоўнае пачуццё свабоды...
Дзякую Табе, Божа.

Усведамленне

Я нагадваю сабе,
што знаходжуся ў прысутнасці Бога.
Я знаходжу прытулак у Яго Сэрцы.
Ён – мая моц у хвіліны слабасці,
Ён – маё суцяшэнне ў хвіліны смутку.

Слова Божае

Mц 14:22-36

Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Езус пайшоў да іх, ідучы па моры. А вучні, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: Гэта прывід. I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся.

Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты? Калі ўвайшлі яны ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!

Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт. Калі ж людзі з гэтай ваколіцы пазналі Езуса, яны разнеслі вестку па ўсёй гэтай ваколіцы. І прыносілі да Яго ўсіх хворых, і прасілі Яго, каб хоць дакрануцца да краю вопраткі Ягонай. І ўсе, хто дакранаўся, былі аздароўлены.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Толькі ў Евангеллі паводле Мацвея ў гэтым эпізодзе ёсць рэакцыя Пятра. "Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе". "Ідзі!" – кажа Езус. Пётр выходзіць і рухаецца ў бок Езуса. Гэта акт любові і веры. Але не зусім дастатковы. Сіла ветру і хваль становіцца мацнейшай за яго жаданне быць з Езусам. Ён пачынае тануць. "Пане, ратуй мяне!" Езус хапае яго за руку і выцягвае з вады.
  • Падчас сённяшняй малітвы паразважай пра тое, што прымушае цябе страціць позірк Езуса і пачаць тануць. Аддай гэта Езусу. Ён чакае, калі ты паклічаш Яго і дапаможа аднавіць спакой у сэрцы.

Размова

Езу, Ты прамаўляеш да мяне
праз словы Евангелля.
Няхай адкажу я сёння
на Тваё запрашэнне.
Навучы мяне пазнаваць Тваю далонь
у паўсядзённым жыцці.

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'