User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2020-05-24

Божая прысутнасць

Мая душа тужыць па Табе, Пане.
Калі я кірую да Цябе свае думкі,
то знаходжу супакой і наталенне прагі.

Свабода

Бог дае мне дар свабоды.
Нават каб я быў у палоне,
мая душа – вольная.
Дапамажы мне, Пане,
выкарыстаць гэтую свабоду з мудрасцю.

Усведамленне

Добры Божа, дапамажы ўсведамляць
Тваю прысутнасць,
Тваю моц і Тваю любоў
праз усе дні жыцця майго.

Слова Божае

Ян 17:1-11a

Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсім, каго Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб спазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста.

Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.

Я абвясціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.

Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, а Я іду да Цябе.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • У наступныя некалькі дзён мы будзем выкарыстоўваць малітву Езуса да Айца для сваёй уласнай малітвы. Мы яшчэ выразней, чым звычайна, усвядомім, што заўсёды далучаем сваю малітву да малітвы Езуса, які прыносіць яе Айцу. Які цуд і таямніца: мы ўнутры адносінаў, якія існуюць паміж Айцом і Сынам, ва ўлонні Святой Тройцы. “Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх”: Айцец даверыў нас Сыну: мы, безумоўна, у добрых руках!
  • Езус моліцца за мяне, за нас, просіць Айца абараніць нас. У іншых месцах Евангелля Езус кажа, што нават ліст не падае без ведама Айца, і што ўсе валасы на галовах падлічаны. Я дзякую Найсвяцейшай Тройцы за любячы і прадбачлівы клопат пра мяне і пра тых, каго я люблю.

Размова

Якія пачуцці нараджаюцца ўва мне,
калі я малюся
або разважаю над Словам Божым?
Я ўяўляю, як Езус стаіць або сядзіць
побач са мной,
і адкрываю Яму сваё сэрца.

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'