User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2019-05-14

Божая прысутнасць

Быць прысутным – значыць прыйсці і адкрыцца іншаму.
У той момант, калі я прыходжу сюды,
Бог ужо чакае мяне.
Бог заўсёды прыходзіць першым, жадаючы злучыцца са мной
і быць бліжэй, чым мой самы блізкі сябар.
Карыстаючыся гэтай магчымасцю, я вітаю Бога,
Які так любіць мяне.

Свабода

Пане, Ты даў мне вялікі дар свабоды.
У цяперашнія часы, Божа, учыні мяне вольным
ад усіх формаў расізму і нецярпімасці.
Нагадай мне, Пане, што ўсе мы роўныя
у Тваіх Любячых вачах.

Усведамленне

Ведаючы, што Бог любіць мяне безумоўна,
Я магу быць з Ім шчырым.
Як мінуў апошні дзень, і як я адчуваю сябе зараз?
Адкрыта і даверліва я дзялюся сваімі пачуццямі з Панам.

Слова Божае

Ян 15:9-17

Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.

Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.

Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.

Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • "Заставайцеся ўва Мне... заставайцеся ў Маёй любові". Калі мы паступаем як Езус, мы ўдзельнічаем у Яго жыцці і застаёмся ў Айцы, напоўненыя глыбокай містычнай радасцю.
  • Езус кажа аб адзінстве з Сабой і адзінстве з Айцом у апошні вечар перад тым, як будзе забраны ад сваіх сяброў і трапіць у рукі рымскіх уладаў, якія асудзяць Яго на смерць. Жахлівае аддзяленне ад Езуса прыводзіць іх да адчужэння між сабой з-за таго, што яны разбягаюцца, не “застаюцца”.
  • "Любіце адзін аднаго". Зноў жа, нам застаецца толькі гадаць, што адбываецца ў грамадзе вучняў, калі Ён павінен настойваць, каб яны “любілі адзін аднаго”? Хіба апосталы настолькі глыбока падзеленыя, што ім трэба пастаянна нагадваць пра гэтую галоўную запаведзь? Таямніца напружанасці і суперніцтва, нават унутры супольнасці, якая спрабуе быць “святой”, – адна з найбольш старажытных таямніц.
  • Не слугі больш, а сябры. Езус яшчэ раз нагадвае нам аб цудоўным усынаўленні праз Бога ў якасці сыноў, дачок, сяброў. Вечар пачаўся з жэсту служэння: слуга мые ногі. Але ў момант, калі Езус прамаўляе і вучыць нас усяму, што ведае, наш статус змяняецца.

Размова

Памятаючы аб Божай прысутнасці,
я ўяўляю Езуса побач з сабой
і гавару Яму ўсё,
што маю на сэрцы,
як найлепшаму сябру.

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'