User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2018-12-16

Божая прысутнасць

Некалькі хвілін я разважаю пра нябачную прысутнасць Бога ў рэчах:
Ён дае існаванне элементам,
жыццё – раслінам, адчуванне – жывёлам,
нарэшце, Ён прысутны ўва мне
і шчодра надзяляе мяне Сваімі дарамі,
робіць мяне святыняй, месцам прабывання Духа.

Свабода

Пане, Ты даў мне вялікі дар свабоды.
У цяперашнія часы, Божа, учыні мяне вольным
ад усіх формаў расізму і нецярпімасці.
Нагадай мне, Пане, што ўсе мы роўныя
у Тваіх Любячых вачах.

Усведамленне

Я нагадваю сабе,
што знаходжуся ў прысутнасці Бога.
Я знаходжу прытулак у Яго Сэрцы.
Ён – мая моц у хвіліны слабасці,
Ён – маё суцяшэнне ў хвіліны смутку.

Слова Божае

Лк 3:10-18

Калі Ян навучаў над Ярданам, пыталіся ў яго людзі: Што мы павінны рабіць? Ён сказаў ім у адказ: Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае; і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае.

Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: Настаўнік! Што мы павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нічога, што больш за дазволенае вам, не патрабуйце.

Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: А мы што павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю.

Калі ж народ чакаў, і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Хрыстус ён, Ян адказаў усім: Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу ў свіран свой, а мякіну спаліць агнём непагасным.

Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Ян Хрысціцель указвае на Езуса. Якім чынам я магу сваім жыццём рабіць гэтак жа – гаварыць і сведчыць не пра сябе, а пра Езуса?
  • Людзі пытаюцца ў Яна: “Што мы павінны рабіць?” Яго адказы на дзіва звычайныя: дзяліцеся з іншымі, пазбягайце вымагальніцтва, задавольвайцеся сваёй платай. Як мне ўхапіць святое ў звычайным і звычайнае ў святым?

Размова

Што адбываецца ў маёй душы
падчас малітвы?
Я адчуваю суцяшэнне, неспакой
або застаюся абыякавым?
Я ўяўляю, што Езус стаіць або сядзіць
вельмі блізка ад мяне,
і дзялюся з Ім усім, што адчуваю.

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'