Слова Божае
Сёстры паслалі сказаць Езусу: Пане, той, каго Ты любіш, хворы. Пачуўшы гэта, Езус сказаў: Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Чалавечы праславіўся праз яе. Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара.
Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: Пойдзем зноў у Юдэю. Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.
Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе.
Езус сказаў ёй: Уваскрэсне брат твой. Марта сказала Яму: Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень. Езус сказаў ёй: Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?
Яна адказала Яму: Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет. Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: Дзе вы паклалі яго? Адказалі Яму: Пане, ідзі і паглядзі. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: Глядзі, як Ён любіў яго. А некаторыя з іх сказалі: Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?
Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Кажа Езус: Адсуньце камень. Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр. Езус кажа Ёй: Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі вонкі. І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Езус кажа ім: Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць.
Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Так, Евангелле ў эпізодзе з Лазарам нагадвае нам пра рэчаіснасць смерці, якой не пазбегне ніводзін чалавек. Евангеліст Ян прадстаўляе ва ўсёй трагічнасці супольнасць людзей перад абліччам смерці, робячы гэта як сапраўдны майстар і мастак, дазваляючы ўважліваму чытачу адчуць смерць усімі пачуццямі: глядзець унутраным зрокам на дэталі драматычнай сцэны; услухацца ў гора і адчай у галасах сясцёр Марты і Марыі; амаль адчуць горыч іхніх слёз; уявіць смурод мёртвага цела; адчуць велізарны цяжар каменю, які закрывае магілу…
- Прынамсі для кагосьці з нас гэтыя элементы евангельскай сцэны нагадваюць цяжкія моманты смерці нашых блізкіх ці сяброў… Хіба найбольш вымоўнай чалавечай рэакцыяй перад абліччам смерці з’яўляецца плач — выраз бездапаможнасці, бязраднасці.
- Нават сам Езус плача: Яго слёзы па сябры лучаць нашага Пана з усімі людзьмі, якія перажываюць горыч расстання са сваімі блізкімі. Яны паказваюць салідарнасць Божага Сына з лёсам чалавецтва — нашай гісторыяй, да якой дакранулася смерць.
- Але слёзы Езуса — не выраз бязраднасці: гэта слёзы міласэрнасці, якія паказваюць Яго жаданне і гатоўнасць перамяніць чалавечы лёс. Тое, што Езус робіць для Лазара, — знак таго, што Ён зробіць, каб збавіць ад смерці ўсё чалавецтва, кожнага з нас. Езус не баіцца «адчуць пах» смерці — Ён настойвае на тым, каб адкрыць магілу, нягледзячы на пратэст Марты, бо сваім голасам, тым голасам, які ўсё паклікаў да існавання, Ён адзіны мае ўладу вярнуць свайго сябра да жыцця.
- Нашая хвароба, слабасць, нашыя няўдачы, праблемы і цяжкасці, і нават смерць — гэта не параза, не трыумф зла, а шанц для таго, каб выявілася слава Божая — так, як гэта адбылося для Лазара, Марты і Марыі.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Ці ёсць у мяне пачуццё, што я нібы "мёртвы" ў некаторых сферах жыцця? Што трымае мяне ў смерці? Ці прашу ў Пана дапамогі, каб зразумець, што трэба змяніць, каб я ажыў?
- Паспрабуй успомніць падзеі свайго жыцця, калі ты "ўваскрос з мёртвых", і пагавары з Езусам пра гэта. Няхай удзячнасць апярэдзіць просьбы.