Разважанне 3. Унутраная барацьба | Падрыхтоўка да малітвы
У пачатку сённяшняй малітвы, звярніце ўвагу на розныя гукі вакол вас. Нават у вельмі ціхім месцы напэўна будзе нешта, што можна пачуць. Вакол вас – несупынны шум, гукі штодзённага жыцця. Адзначайце па чарзе, адкуль паходзіць кожны з іх.
Цяпер на некалькі імгненняў сканцэнтруйцеся толькі на гуках у непасрэднай блізкасці да вас, у сваім пакоі. Адпусціце іншыя – яны ўсё адно застануцца ў фоне малітвы.
Затым пакіньце і тыя гукі, няхай яны таксама адступяць на другі план па меры таго, як вы скіруеце ўвагу ўнутр. Знайдзіце ціхае месца ў сабе і хвіліну-другую проста адпачніце там у спакоі свайго сэрца.Паслухайце ў гэтай цішыні Божае слова, якое прамаўляецца ў той час, калі гучыць фрагмент Паўлавага паслання вучням Хрыста ў Рыме.
Чытанне з паслання апостала Паўла да Рымлянаў
Ведаем, што Закон – духоўны, а я – цялесны, падлеглы граху. Я не разумею, што раблю, бо не тое раблю, што хачу, але тое раблю, што ненавіджу. Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то прызнаю, што Закон добры. Цяпер ужо не я раблю тое, але грэх, які жыве ўва мне.
Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць, у маім целе, добрае. Бо жаданне ёсць ува мне, але зрабіць добрае не знаходжу як! Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю. Калі ж раблю не тое, што хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне. Тады я заўважаю, што, калі хачу рабіць дабро, ляжыць перада мною зло. Паводле духоўнага чалавека, знаходжу задавальненне ў Законе Божым, але ў маіх членах бачу іншы закон, што змагаецца з законам майго розуму і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў маіх членах. Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці?
Дзякую Богу праз Езуса Хрыста, нашага Пана! Значыць я сам розумам служу Закону Божаму, а целам – закону граху.
(Рым 7, 14–25)
Разважанне
- У біяграфіях шматлікіх святых можна заўважыць пэўную асаблівасць, якая на першы погляд можа здавацца нам дзіўнай, а менавіта, пастаяннае і непагаснае пачуццё ўласнай грэшнасці. Некаторыя са святых сапраўды здзейснілі тое, за што сёння маглі б паплаціцца свабодай. Жыццё іншых святых пазначана такім ашаламляльным кантрастам, што біёграфу вельмі цяжка было стрымаць сваё захапленне той пераменай, якая адбылася ў адносінах гэтых людзей з Богам. Аднак часта менавіта ўсведамленне бясконцай Божай дабрыні і міласэрнасці прыводзіла іх да зразумення таго, наколькі мізэрны іх жыццёвы адказ на гэтую любоў. Як сёння гучыць мой адказ на Божую любоў?
- Святы Павел добра разумее, што, будучы нявольнікам граху, робіць не тое, што хоча, а тое што ненавідзіць і лічыць злом. Знаёмая сітуацыя?
Размова з Панам
- Павел апісвае нястомную барацьбу, якая адбываецца ўнутры яго. Адна частка ў ім сапраўды цягнецца да дабра, хоча служыць Богу і людзям. Другая ж частка ўпіваецца грахоўным эгаістычнам станам, не цікавячыся ані Божай воляй, ані людзьмі побач. Трэцяя ўвогуле бяссільна застаецца ўбаку, пакуль ідзе барацьба. Гэта безумоўна вельмі драматычны стан. Ці я заўважаю ў сабе падобнае ўнутранае раздзяленне? Якія пачуцці яно выклікае?
- Святы Павел адчувае сябе абсалютна бездапаможным перад абліччам таго, што адбываецца ў ім. Апостал гадамі спрабаваў пераадолець сваю грахоўную схільнасць раз і назаўсёды, аднак усе высілкі былі марнымі. Магчыма, гэта нагадвае мой унутраны стан?
- Павел не ўпадае ў роспач і не здаецца. Урывак заканчваецца воклічам удзячнасці, скіраваным да Таго, хто адзіны можа вызваліць яго, – да Езуса Хрыста. У гэтыя заключныя хвіліны малітвы вы можаце разам з Паўлам усклікнуць з радасцю і ўдзячнасцю да Пана і адкрыта падзяліцца з Ім усімі думкамі і перажываннямі.
Заканчэнне
Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога ўзбагаціліся надзеяй. Амэн.