• Разважанне 2. Вера | Падрыхтоўка да малітвы

    Сёння, каб знайсці ўнутраны спакой, засяродзімся на дыханні. Нагадаем, што не варта прыкладаць намаганні, каб змяніць глыбіню або рытм дыхання. Усё, што неабходна, – звярнуць увагу. Адзначайце, як вы ўдыхаеце і выдыхаеце паветра, як яно ледзь адчувальна напаўняе лёгкія, а затым вяртаецца ў атмасферу. Проста, спакойна і трывала сачыце за звычайным працэсам дыхання адну-дзве хвіліны.

    На габрэйскай мове словы "дыханне" і "дух" (Святы Дух таксама) супадаюць па гучанні – руах (ruah). Таму ўявіце сабе, як дыхаеце Духам Божым і дазваляеце Яму напаўняць вас Сваім цяплом і святлом.

    Няхай дыханне ціха працягваецца далей, адыходзячы на задні план, але ўвага няхай застанецца з Духам, які жыве ў вашым сэрцы. Адпачывайце некаторы час у гэтым месцы спакою і цішыні. Цяпер скіруйце ўсю ўвагу на слова Божае, якое прыходзіць да вас праз пасланне апостала Паўла.

  • Божае Слова

    Чытанне Паслання апостала Паўла да Рымлянаў

    Ён [Абрагам] насуперак надзеі паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: «Такім будзе патомства тваё». І не аслаб у веры, хоць лічыў сваё амаль стогадовае цела ўжо змярцвелым і ўлонне Сары мёртвым. Не засумняваўся ў абяцанні Божым, але ўмацаваўся ў веры, аддаючы хвалу Богу і будучы цалкам упэўненым, што Бог мае моц выканаць абяцанае. Таму гэта і залічана яму як справядлівасць. Не толькі дзеля яго аднаго напісана, што залічана яму, але таксама дзеля нас, бо залічыцца і нам, якія вераць у таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, Пана нашага, які быў выдадзены за правіны нашыя і ўваскрос дзеля нашага апраўдання. (Рым 4:18–25)

  • Разважанне

    • У сваім пасланні Касцёлу ў Рыме апостал Павел запрашае нас адказаць, што значыць верыць у Бога. У якасці прыкладу ён прыводзіць Абрагама, патрыярха Старога Запавету. У старасці Абрагам быў запрошаны Богам пакінуць свой дом і край і выправіцца ў незнаёмым накірунку, маючы толькі абяцанне, што ён стане айцом многіх народаў. Але Абрагам, як і яго жонка Сара, былі ужо старымі каб нарадзіць дзіця. Падумайце, як бы вы паставіліся да такога запрашэння, калі б апынуліся на месцы Абрагама ці Сары?
    • Абрагам, як мы ведаем, усё ж паверыў Богу, што Ён выканае Свае абяцанні, якімі б немагчымымі і неверагоднымі яны ні здаваліся. Ці можаце ўявіць сабе, што ў вас атрымаецца таксама цалкам давяраць Богу? Ці быў ў вашым жыцці час, калі вам давялося даверыцца Богу, нягледзячы на тое, што вырашэнне сітуацыі здавалася амаль немагчымым?
    • Калі ў вас быў такі час, дайце вашай памяці наноў перажыць яго. Што дапамагло вам? І што дало магчымасць паверыць Богу “насуперак надзеі”?
  • Размова з Панам

    • Апостал Павел параўноўвае веру Абрагама з верай тых, хто давярае Богу ў сваім штодзенным жыцці. Здаецца, калі Езуса пакаралі смерцю рымляне і Яго жыццё на зямлі скончылася, Яго вучні павінны былі згубіць усялякую надзею. Тым не менш, Евангелле кажа нам, што, калі Езус паўстаў з мёртвых, Бог даў новае жыццё і нашай надзеі.
    • Як сам факт уваскрасэння Хрыста ўплывае на вашую веру ў тое, што Бог можа зрабіць асабіста для вас сёння і ў будучыні?
    • Мы як "пакліканыя святыя" з'яднаныя верай ва ўсё тое, што Бог зрабіў і працягвае рабіць, праз жыццё Свайго Сына Езуса Хрыста. Мы верым, што Пан і зараз жыве сярод нас і штодня ўплывае на нашае жыццё. Прысвяціце некалькі хвілін размове з Езусам і пачуйце, што Ён здзяйсняе менавіта для вас у цяперашні час.
    • Завяршыць сённяшнюю малітву можна сваімі словамі або просьбай вучняў: «Пане, дадай нам веры».

    Заканчэнне

    Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй. Амэн.

Дамашняя старонка