• Супакой

    Рыхтуючыся да заключнага разважання ў сёлетніх рэкалекцыях, мы засяродзімся на спакоі розуму. Адзначце гукі, чутныя вакол, па чарзе звяртаючы на кожны з іх увагу. Потым проста сканцэнтруйцеся на дыханні, жыццядайным Божым дары. На ўдыху – прыміце Яго дар жыцця, а на выдыху – аддайце Богу ўсё, што вас трывожыць. Бог вёў усходніх мудрацоў святлом зоркі. Вы бачыце гэтае ззянне? Паспрабуйце адну-дзве хвіліны правесці ў ціхім зорным святле. Дазвольце яму свяціць на вас з вышыні, асвятляючы жыццёвы шлях і глыбіню вашай асабовасці. З удзячнасцю прыміце ўсё, што ў гэты час малітвы будзе дадзена вам.

  • Божае Слова

    Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму

    Мц 2, 1-12
    Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

    “І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды,
    бо з цябе выйдзе Правадыр,
    які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».

    Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму». Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра. Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай

  • Разважанне

    As I reach the final days of my retreat, can I see the path of a new beginning open out in front of me?

    Невядома, кім былі мудрацы з усходу. Традыцыя прыпісвае ім каралеўскую годнасць, але Святое Пісанне называе іх мудрымі. Але кім бы яны ні з’яўляліся, яны ўбачылі зорку, пакінулі свае сем’і, дамы і ўсе сумневы наконт падарожжа і пайшлі за святлом. Яны верылі, што зорка сведчыць аб нараджэнні вялікага караля і хацелі пакланіцца яму. Напэўна, мусілі моцна збянтэжыцца, калі зорка ўрэшце затрымалася над сціплым прытулкам Марыі і Юзафа. Верагодна, чакалі ўбачыць палац, аднак не засумняваліся, ці варта пашукаць больш адпаведнага месца. Яны “вельмі ўзрадаваліся”, як кажа Евангелле, і ўпалі на калені і пакланіліся Дзіцяці. Мудрацы давяралі зорцы, нягледзячы на тое, што яна нечакана так здзівіла іх.

    Завяршаючы рэкалекцыі, я магу ахапіць позіркам пройдзены шлях і паглядзець наперад. У чым я бачу новы пачатак для сябе? Ці дадзена мне бачыць зорку, якая ззяе над ім? Што з’яўляецца зоркай майго жыцця? Што ўзрушвае і дае мне энергію і радасць? Ці магу я даверыцца гэтаму настолькі, каб выправіцца следам, альбо я са страхам адступаю назад? Ці захаваю я давер, калі шлях прывядзе мяне ў нечаканае месца?

    Ці зраблю я першы крок да новага пачатку?

  • Размова з Богам

    • Усведамляючы сябе ў Божай прысутнасці, зноў заглыбляюся думкамі ў сваё жыццё, каб зразумець, дзе ў ім свеціць зорка. Яна можа быць у выглядзе асобы, якая натхняе мяне, або падзеі, якая штосьці ўва мне змяняе, паказвае лепшы шлях, або сустрэчы, якая напаўняе жыццём. А магчыма, нічога з пералічанага не ўласціва ёй, бо яна – толькі далікатнае ўнутранае прагненне, якое ўва мне жыве і не знікае. Я перакананы толькі ў адным. Калі я пайду за гэтай “зоркай”, то яе святло прывядзе мяне да Бога. Я прашу Пана дапамагчы мне распазнаць зоркі майго жыцця. (Часам іх сапраўды больш, чым адна!)
    • Па чым я пазнаю зорку? Па радасці, якую яна выклікае. Аднак гэтую радасць часам амаль поўнасцю засланяе страх перад невядомым. Прашу Бога паказаць мне, дзе мая праўдзівая радасць, і ў чым знайду паўнату жыцця і спаўнення. Малюся, каб Ён дапамог мне з даверам выправіцца ў шлях прыгод насуперак сваім страхам. Пан – мой пастыр, нідзе я не буду ў самоце.
    • Малюся таксама аб тым, каб Бог паказаў мне рэчы, якія стрымліваюць мяне і не даюць ісці за маёй зоркай. Гэта могуць быць, напрыклад, імкненне заставацца ў бяспецы, жаданне мець усё пад кантролем, патрэба ў пахвале ад іншых. Прашу Божай дапамогі ў вызваленні ад перашкод, каб свабодна і радасна стаць на шлях новага пачатку.
    • Заключнай часткай нашай малітвы няхай зноў будзе прабыванне ў цішыні перад Богам, каб даць месца Яго слову.
Дамашняя старонка