• Супакой

    Бог побач з вамі, унутры вас

    Сёння дзеля пошуку ўнутранай супакоенасці сядзьце як мага выгодней. Заплюшчыце вочы і ўявіце, як адыходзяць, адступаюць усе вашыя хваляванні, трывогі і дакучлівыя думкі. Дазвольце сабе не чапляцца за іх і застацца ў цішыні. Сэрца Марыі было спакойным і адкрытым, калі Яна слухала анёла. Паспрабуем вытанчыць слых, звернем усю ўвагу на гукі, знешнія і ўнутраныя. Магчыма, вы нават пачуеце біццё сэрца. У гэтай сцішанасці нагадайце сабе, што Бог побач з вамі, унутры вас. Ён прамаўляе Сваё слова, робіць жыллё ў вашым сэрцы менавіта цяпер. Гэта момант Адведзінаў для вас.

  • Божае Слова

    Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова

    Лк 1:26-38
    У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою».

    Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.

    І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».

    І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?»

    Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага».

    Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова».

    І адышоў ад Яе анёл.

  • Разважанне

    Вось, я слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова

    Задумайцеся над гэтай гісторыяй, нягледзячы на тое, што ведаеце яе даўно. Як Марыя ўспрыняла візіт і словы анёла? Вось звычайная маладая дзяўчына, яшчэ не замужам, чуе, што яна зацяжарыць вельмі незвычайным чынам. Можна было б чакаць, што яна запярэчыць, адмовіцца ўваходзіць у настолькі дзіўны план. Што яна скажа свайму нарачонаму? Што будуць казаць яе родныя, суседзі, іншыя людзі? А што кожны падумае? І гэтак далей, і гэтак далей. Аднак, усё, што яна зрабіла, – задала вельмі простае пытанне: “Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?” Неверагодна. Яна толькі хацела ведаць, як такое магчыма. Калі толькі анёл растлумачыў ёй, што моц Найвышэйшага ўчыніць гэта, Марыя адразу ж згадзілася без ніводнай скаргі наконт будучых цяжкасцяў, якія несумненна ўзнікнуць пасля яе адказу: “Вось, я слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова”.

    Давер Марыі да Бога быў такі вялікі, што яна ўжо была падрыхтаванай да моманту, які запатрабаваў адкласці ўсе свае мары і планы аб будучыні і выйсці “ў месца” бязмежнай невядомасці, дзе пра кантроль над сітуацыяй нават не йдзе гаворка. Новы пачатак можа спалохаць нас. Нам больш падабаецца яснасць і зразумеласць, і зусім не хочацца пакідаць свой маленькі ўтульны свет. Тым не менш, якраз па-за яго межамі могуць адбыцца цудоўныя рэчы, як паказвае гісторыя Марыі, Маці Божай.

  • Размова з Богам

    • У гэтым Адвэнце – у чаканні, малітвах, разважаннях – ці заўважыў я Анёла, які прыходзіў да мяне? Анёлы наведваюць нас у самых розных формах і вымярэннях! Ці ўсвядоміў я хоць бы аднойчы ціхае запрашэнне ў глыбіні сэрца выйсці са свайго камфортнага свету ў невядомую прастору? Напрыклад, каб пачаць, нарэшце, змаганне з дрэннай звычкай, або выправіць памылкі ў адносінах з іншымі? Магчыма, мяне спалохала перспектыва зрабіць першы неабходны крок? Што я вырашыў? Ці не застаўся ў бяспечным знаёмым “месцы”, нават добра разумеючы патрэбу ў пераменах? Шчыра і непасрэдна я скажу Богу аб усім, не хаваючы сваіх страхаў ні ад Яго, ні ад сябе.  Прашу Пана аб ласцы большага даверу.
    • Гісторыя Марыі адкрывае мне праўду аб тым, што часам новы пачатак можа быць схаваны ў заканчэнні пэўных рэчаў. Усе планы і спадзяванні Марыі, якія Ян мела на момант Звеставання, раптам перасталі існаваць, калі яе наведаў анёл. І таму я цяпер паразважаю над сітуацыямі ўласнага жыцця, якія сталі нечаканымі і нежаданымі або палохаючымі паваротамі. Магчыма, я перажыў цяжкую страту, хваробу, разрыў адносінаў або губляў працу і нават жыллё? Памалюся, каб Бог дапамог мне ўбачыць прыкметы новага пачатку, схаваныя ў тым, што выглядае канцом сувязяў і надзей. Я прашу Яго навучыць мяне згаджацца на павароты і развароты жыцця.
    • Сустрэча з Анёлам нясе з сабой перамяняльную энергію, што напаўняе і ўмацоўвае нас. Бог ніколі не просіць нас рабіць штосьці цалкам самастойна, але “ахінае” нас. На заканчэнне малітвы некалькі хвілін пасядзім у цішыні перад Богам і дазволім быць ахінутымі Яго моцай.
Дамашняя старонка