• Крок сёмы. “Пастава ўдзячнасці”

    Сённяшняя малітва запрашае нас звярнуцца да Бога з просьбай аб атрыманні дару ўдзячнасці. Аднак, спачатку нам трэба добра сабе ўсвядоміць, што Бог не патрабуе ад нас нейкага надзвычайнага праслаўлення і падзякі як неабходнай умовы для благаслаўлення. Удзячнасць – гэта, перш за ўсё, дар ад Бога, які штодня ўваскрашае нашае жыццё ў Езусе Хрысце.

  • Супакой

    • Распачынаем нашу малітву просьбай аб супакоі. Прыслухайцеся да ўсіх навакольных гукаў і дазвольце ім паволі знікаць, пакуль не адчуеце ўласнае дыханне і тое, што ваша цела расслабляецца і супакойвацца.
    • Даверце Богу сваю напружанасць і хваляванне на гэты час малітвы.

    Запрашаем цяпер да разважання ўрыўка з Евангелля паводле св. Яна

  • Божае Слова

    Ян 15, 9-17

    Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас.
    Заставайцеся ў Маёй любові.
    Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
    Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
    Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
    Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

  • Разважанне

    • Праваслаўная іканаграфія, адлюстроўваючы сыход Езуса ў адхлань, выкарыстоўвае вобраз Бога, які прарываецца скрозь брамы пекла, зрываючы замкі і кайданы, каб выцягнуць з цемры смерці Адама і Еву. Ланцугі сімвалізуюць шкодныя і небяспечныя адносіны, а таксама мадэлі мыслення і паводзіны, якім мы можам дазволіць сябе звязаць. Яны з'яўляюцца смяротнымі ў тым выпадку, калі пераконваюць нас у тым, што няма з іх выйсця.
  • Размова з Богам

    • Самастойна, абапіраючыся выключна на ўласныя сілы, мы ніколі не зможам дасягнуць збаўлення. Толькі любоў і ласка Езуса здольныя нас збавіць. Гэта Хрыстус з'яўляецца для нас тым Вызваліцелем, які дасягае пабудаваных намі ж для саміх сябе магіл, каб выцягнуць нас. Аднак, гэта працэс даўжынёй у жыццё, якi палягае на поўным даверы да Божай любові, а таксама на вызваленні ад усяго, што пазбаўляе нас свабоды і перашкаджае ахвяраваць сваё жыццё сапраўднаму служэнню Пану.
    • Святы Ігнацый вучыць, што пакора – гэта ключ да пазнання Божай ласкі ў нашым жыцці. Таму так важна навучыцца ўспрымаць ласку як Божы дар, а не як тое, што належыць нам. Сэрцам пакоры з'яўляецца ўдзячнасць, а не празмерная патрабавальнасць да сябе. Распазнанне ўсіх нашых здольнасцяў і талентаў як Божых дароў заахвочвае нас дарэшты прысвяціць сябе служэнню Богу.
    • Паразважайце над дарамі і талентамі, якімі Бог надзяліў вас. За што вы найбольш удзячныя Яму?
    • Падумайце таксама аб тым, што яны дадзены вам для пашырэння Божага Валадарства, якое абвесціў Хрыстус. Вы чуеце запрашэнне Бога прысвяціць сваё жыццё Валадарству? Якія прагненні нараджаюцца ў вашых думках у адказ на Яго заклік? Адкрыйце іх перад Богам у шчырай размове на завяршэнне малітвы.
Дамашняя старонка