Крок шосты: “Сузіранне Найслаўнейшага Крыжа”
Сёння мы задумаемся, што азначае быць сябрам Езуса і ісці Яго шляхам. Гэта шлях перамяняльны, які Езуса прывёў на Крыж. Калі мы кагосьці па-сапраўднаму любім, то імкнемся быць з ім побач у добрыя хвіліны і цяжкія. Пачуем жа заклік Хрыста ісці з Ім на Кальварыю і ў хвалу.
Супакой
- Пачнём з выдыхання ўсяго, што перашкадже давяраць Езусу і Яго любові. Выдыхнем наш страх перад болем, цярпеннем і барацьбой, наша супраціўленне перад выйсцем на шлях з нашых маленькіх утульных закуткоў.
- Удыхнём нашыя надзеі, тугу па літасці і любові. Якімі б крохкімі мы ні былі, мы дыхаем з даверам, ва ўпэўненасці ў нашым любячым Богу і ў моцы Духа, які ззяе скрозь нашую слабасць.
Прачытаем цяпер радкі з Евангелля паводле Марка.
Божае Слова
Мк 1:40-42
Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.Разважанне
- У адгартацыі “Радасць Евангелля” Папа Францішак піша: “Божы Сын, стаўшы целам, паклікаў нас да ўдзелу ў рэвалюцыі пяшчоты”. Усё, што Езус сказаў і зрабіў на зямлі, было дзеля таго, каб паказаць нам, наколькі мы любімыя, незалежна ад нашых грахоў. Гэта любоў перамагла свет. Тым не менш, нашыя ўласныя слабасці, што мы носім у сабе, а таксама палітычныя і сацыяльныя сістэмы, у якіх мы жывем, замацоўваюць эгаізм і несправядлівасць.
- Св. Ігнацый запрашае быць побач з Езусам, гледзячы на Яго ў евангельскіх сцэнах і адчуваючы рэакцыю ў сваім сэрцы, якая будзе адлюстраваннем паводзінаў іншых людзей у гэтым урыўку. Ён дакранаецца да нашых ранаў адначасна з ранамі пракажонага, Ён спачувае нашай няўпэўненасці і страху ў жанчыне з крывацёкам.
- Маліцеся такім чынам, каб быць там, дзе ёсць Езус, бачыць і адчуваць тое, што Ён, і дзейнічаць так, як Ён. Пытанне перад намі адно: як зрабіць гэты выбар – пайсці за Ім.
Размова з Богам
- Заўважце, што гэта размова паміж двума асобамі: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць” – Хачу, будзь ачышчаны!”. Езус кажа гэта кожнаму з нас. А праз нас Ён кажа гэта свету. Што вы адчуваеце, будучы ачышчанымі, і, у сваю чаргу, пакліканымі стаць тым, хто ачышчае?
- У час пакуты ў Гетсэманіі Езус прасіў сваіх сяброў застацца побач не толькі ў фізічным сэнсе, але духам трываць разам з Ім. Страх і недахоп даверу прымусіў іх збегчы. Што вам хочацца сказаць Езусу, калі Ён паказвае сваю любоў, добраахвотна ідучы на крыж?
- Марыя Вард зразумела, што значыць быць вызваленай ад неўпарадкаваных прыхільнасцяў. Яна назвала гэта станам “неверагоднай свабоды” ад любога жадання прыляпіцца да нечага, акрамя Бога. Св. Павел піша ў пасланні да Галатаў: “Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі”. А вы ці ўсведамляеце сваю патрэбу ў вызваленні, якое можа даць Езус? Паразмаўляйце з Ім аб гэтым на завяршэнне малітвы.