Крок пяты. “Практыкаванне зменаў у жыцці”
Як Марыя Вард так і Ігнацый Лаёла выявілі, што іх знаёмства з Езусам змяніла iх разуменне самiх сябе. Усе адносіны трансфармуюць нас нейкім чынам, а сяброўства з Езусам перамяняе найбольш, дапамагаючы нам узрастаць у любові і свабодзе.
Супакой
- Перад тым, як сустрэцца з Езусам у сённяшняй малітве, папросім ласку засяроджанасці і супакою. У сваім уяўленні пакладзіце свае надзеі і жаданнi “перад вачамі”, а усе нягоды i перашкоды пакiньце за сабой.
- Засяродзьцеся на тым, што перад вамі i дазвольце Духу Святому напоўніць усю вашу сутнасць.
- У Евангеллi мы бачым, як Пётр метадам спроб і памылак вучыцца пазбаўляцца ад прадузятасі і дрэнных схільнасцяў. Ён быў канчаткова аздароўлены, калі навучыўся прымаць сваю ўнутраную беднасць і тую непахісную любоў, якую дарыў яму Езус, нягледзячы ні на што. Мы чуем гэта ў Евангеллі ад Лукі...
Божае Слова
Лк 5, 4-11
Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову». Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі».
Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі.
Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона.
Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
Разважанне
- У “Духоўных практыкаваннях” св. Ігнацый Лаёла піша, што самыя важныя якасці ў чалавека, які шукае Бога, – адкрытасць, шчодрасць і мужнасць. Мы просім Бога наблізіць нас да Езуса, каб з Яго дапамогай мы ўсімі магчымымі спосабамі імкнуліся адказаць на любоў, якая стварыла нас і цяпер няспынна ахінае адпаведным клопатам і ўвагай.
- Магчыма, нашыя неўпарадкаваныя захапленні, замілаванні, гарачыя пачуцці, схільнасці да нейкіх рэчаў – усё, да чаго мы моцна прывязваемся сэрцам, – перашкаджаюць нам напоўніцу паверыць, як моцна Езус любіць нас, і адчуць Ягоную любоў. Можа, мы трымаемся за нешта так моцна, што не можам крочыць далей. Але таксама гэта могут быць глыбокія раны мінулага, наш траўматычны вопыт. Магчыма, мы навучыліся асуджаць сябе ў бясконцым ўнутраным “хору незадаволенасці”. Важна, што пазбавіцца ад сваіх неўпарадкаваных прыхільнасцяў менавіта і азначае знайсці мужнасць, каб прыняць аздараўленне ад ўсяго таксічнага і разбуральнага, што ёсць ў жыцці, і навучыцца быць больш міласэрным да самога сябе.
Размова з Богам
- Ці можаце сённяшнюю евангельскую сцэну з Пятром уявіць як мага яскравей? Магчыма, вы прыгадаеце іншыя падзеі паміж ім і Езусам: хаджэнне па вадзе, адмаўленне амыць ногі, абяцанне памерці за Езуса, а затым адмаўленне ад Яго…
- На вашую думку, як адчуваў сябе Пётр калі разумеў, як моцна ён любіць Езуса, але падводзіць Яго зноў і зноў? І што Пётр адчуваў, разумеючы, што Езус не перастае любіць яго?
- Напэўна, вам ёсць што сказаць аб вашай любові да Езуса ці вашай патрэбе ў аздараўленні. Адчыніце Яму дзверы свайго сэрца і пагаварыце з Ім, як з сябрам, напрыканцы малітвы.