• Крок другі. Адкрыццё ўнутранага свету

    У нашай велікапоснай пілігрымцы нас суправаджае св. Ігнацый Лаёла, чалавек палкай шчодрасці і цеплыні, які называў сябе пілігрымам. Яго “Духоўнымі практыкаваннямі” карыстаюцца самыя розныя людзі, якія шукаюць сапраўднай асабістай лучнасці з Езусам. Св. Ігнацый дапамагае нам спаткаць Бога, які хоча з намі сустрэцца, дзе б мы ні былі. Таксама мы вучымся разрозніваць у сабе рухі, якія набліжаюць нас ад Бога ці прымушаюць збочваць з Яго шляхоў.

  • Супакой

    • Карысна пачаць з супакойвання цела і розуму. Паспрабуйце адпусціць напружанне, якое маеце ў сабе. Седзячы ў выгоднай паставе або шпацыруючы нетаропка, разнявольвайце кожную частку цела, дзе адчуваеце нацягнутасць.
    • Усвядомце сваё глыбокае жаданне правесці час у Божай прысутнасці, прынесці Богу ўсе свае надзеі, трывогі і мары.

    Цяпер паслухайце словы Езуса з Евангелля паводле Мацвея…

  • Божае Слова

    Мц 11, 28-30

    Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі.

  • Разважанне

    • Звярніце ўвагу на свае пачуцці, якія ўзніклі падчас чытання. Магчыма, вы адчуваеце стому і патрэбу скінуць цяжар, які несяце? Ці можаце перадаць яго Езусу хаця б на некаторы час?
    • Ярмо дапамагае жывёлам перамяшчаць груз, але Езус кажа, што Ягонае ярмо лёгкае і прыемнае. Як Яго словы ўплываюць на вас?
    • Другая наша спадарожніца – Марыя Вард, каталічка, якая жыла ў Англіі ў сямнаццатым стагоддзі падчас пераследу католікаў. Яе адзіным духоўным кіраўніком была кніжка пад назвай “Духоўная бітва”, што вайсковай мовай апісвала стратэгіі, дзякуючы якім можна было дасягнуць духоўнай дасканаласці. У ёй сцвярджалася, што ў бойцы са злом мы павінны “змагацца, альбо памерці”. Для Марыі прапанаваныя ў кнізе практыкі былі цяжарам, які выклікаў непакой і самакрытыку. Яна знайшла свой шлях да ласкавага Бога, вырашыўшы: “Я буду выконваць гэтыя рэчы ў любові і свабодзе альбо зусім іх пакіну”.
    • Божаму спосабу адносінаў з намі больш характэрна любоў і свабода, чым страх і самабічаванне. І св.Ігнацый, і св. Марыя вучаць нас, што нашы думкі і ўяўленні, а таксама пачуцці, якія яны выклікаюць, могуць прывесці бліжэй да Бога ці аддаліць ад Яго. Калі нешта ўзбагачае нашу веру, надзею і любоў, то, верагодна, яно прыйшло ад Бога. Калі нешта, нават само па сабе добрае, памяншае нашу веру, надзею і любоў, – мы не на Божым шляху. Трэба вучыцца любіць і прымаць сябе так, як Бог любіць нас.
  • Размова з Богам

    • Езус кажа пра стомленасць. Калі вы стомленыя целам, розумам ці духам, крыніцай гэтай стомленасці могуць быць як знешнія абставіны, так і абраны лад жыцця. Ці адчуваеце ў сабе прагненне ўзрастаць ва ўнутранай свабодзе?
    • Наш цяжар лёгкі, таму што Езус усклаў яго на Сябе замест нас на Крыжы. Як бы вы хацелі адказаць на Яго жаданне несці ваш цяжар?
    • Паколькі час малітвы заканчваецца, прысвяціце апошнія хвіліны ўласным разважанням і падзяліцеся сваімі думкамі і перажываннямі з Езусам.
Дамашняя старонка