Кніга св. Ігнацыя Лаёлы “Духоўныя практыкаванні” суправаджае нас на шляху ў кірунку духоўнай свабоды і аднаўлення аж да ахвярнай рашучасці стаць сябрам і вучнем Хрыста. Мы вучымся бачыць нашае жыццё і мэту існавання ў свеце з перспектывы непахіснай і бясконцай любові да нас. Мы вучымся ўзаемадзейнічаць з усім, што Бог стварыў, каб дапамагчы кожнаму з нас стаць найпраўдзівейшым, Богам дадзеным Я, самім сабой.
Супакой
- Пачнем малітву з усведамлення навакольнага створанага Богам свету і свайго існавання ў ім. Звярніце ўвагу на дыханне, на дар жыцця вакол вас.
- Езус прагне, каб мы Яго ўбачылі і наблізіліся. Адно толькі неабходна: быць адкрытымі на Яго прапанову. Калі ў сэрцы абуджаецца жаданне падыйсці бліжэй да Езуса – гэта знак, што ласка ўжо працуе ў нас. Аб чым вы б хацелі папрасіць у дадзены момант? Назавіце сваё жаданне, аддайце яго Богу – не дзеля таго, каб паведаміць Яму аб тым, што Ён і так ведае, але каб распазнаць Божы дар, калі Ён дасць яго вам.
- Св. Ігнацый падбадзёрвае нас уваходзіць глыбей у змест Святога Пісання праз нашыя пачуцці і ўсведамленне сваіх найглыбейшых жаданняў, праз здольнасць да ўяўлення і вобразнае пагружэнне ў евангельскую сцэну. Мы можам карыстацца сваімі цялеснымі адчуваннямі, каб адбылася непасрэдная перамяняльная сустрэча з Езусам, падчас якой мы можам гаварыць, прасіць і любіць Яго наўпрост. Нам блізка ўсё тое, што “было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі” (1 Ян 1, 1).
- Мы адкрываемся на бясконцы працэс пазнання Езуса, вучымся бачыць лепш гэты свет і рэагаваць на яго так, як Ён. Мы сутыкаемся тварам у твар з новымі спосабамі “пазнаваць Яго ўсё глыбей, любіць усё мацней, ісці за Ім усё бліжэй”.
- Св. Ігнацый таксама заахвочвае нас звяртаць увагу на кірункі, у якіх вандруюць нашыя думкі і пачуцці, засяроджана прыслухоўвацца да ўнутраных рухаў у сэрцы і ісці за імі туды, дзе яны вядуць нас.
- Цяпер звернемся да Святога Пісання.
Божае Слова
Пс 139:1-14
Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў,
Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі,
Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною,
і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.
Яшчэ няма слова на маім языку,
а Ты, Пане, ужо ведаеш усё.
З усіх бакоў мяне ахінаеш, і кладзеш на мяне сваю руку.
Незвычайнае для мяне разуменне Тваё,
недасягальнае, не магу спасцігнуць яго.
Куды пайду ад Духа Твайго
і ад аблічча Твайго куды ўцяку?
Калі ўзыду на неба, Ты там;
калі спачну ў адхлані, Ты побач.
Калі вазьму крылы зараніцы
і перасялюся на ўскраіну мора,
нават там рука Твая мяне павядзе,
і Твая правіца будзе трымаць мяне.
Калі скажу я: Няхай змрок мяне накрые,
а святло навокал няхай зробіцца ноччу, —
нават змрок не будзе цёмным для Цябе,
а ноч будзе яснай, як дзень.
Бо Ты стварыў маё нутро
і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці.
Слаўлю Цябе, бо я цудоўна створаны,
дзівосныя справы Твае.
Ты добра ведаеш маю душу.Разважанне
- Адным са спосабаў усвядоміць Божую прысутнасць з’яўляецца просьба аб дары ўбачыць сваё жыццё з Божага пункту гледжання. Божыя вочы, поўныя міласэрнасці і разумення, могуць даць нам зусім іншую перспектыву нашай рэчаіснасці. Некаторыя рэчы, якія мелі велізарнае значэнне для нас, могуць сціснуцца ў памерах, а ўсё, што мы перабольшвалі, набудзе свае рэальныя прапорцыі.
- Прачытайце псальм яшчэ раз і паназірайце, як вы рэагуеце на Бога, які шукае вас, ведае ўздоўж і ўпоперак і любіць усе рысачкі той асобы, якой вы ёсць.
- Нішто не можа адлучыць нас ад любові нашага Стварыцеля. Ніякі змрок ўнутры нас не застаецца цёмным для Бога. Што вы адчуваеце, разважаючы аб гэтым?
Размова з Богам
- Св. Ігнацый кажа, што ўдзячнасць – аснова ўсведамлення сябе ў Божай прысутнасці. Цяпер адпаведны момант, каб сказаць Яму “дзякуй” за сваё існаванне.
- Магчыма, вы саромееся адкрыць пэўныя рэчы любячаму Божаму позірку. Што ў вашым жыцці перашкаджае адчуваць удзячнасць за яго?
- Станоўчымі і адмоўнымі думкамі і пачуццямі падзяліцеся са Стварыцелем, называючы па імені ўсё, што вы адчуваеце і за што хацелі б памаліцца, перапрасіць або падзякаваць Богу.