Нашымі спадарожнікамі у гэтым годзе стануць святыя Ігнацый Лаёла і Марыя Вард – іспанец XVI стагоддзя і англічанка XVII стагоддзя. Св. Ігнацыя і св. Марыю часта малююць у дарозе, у вопратцы пілігрымаў.

Езус таксама пілігрымаваў у Ерузалем са сваёй сям’ёй і сябрамі. Магчыма, яны разам рэцытавалі псальмы па дарозе. Напрыклад, псальм 84 кажа: “Шчаслівы чалавек, сіла якога ў Табе, сцежкі ў сэрцы якога скіраваны да Цябе (Пс 84, 6). Трэці раздзел Кнігі Быцця гаворыць пра Бога, які праходжваўся з Адамам і Евай падчас прахалоды. Рэкалекцыі дапамагаюць нам пачынаць кожны дзень наноў, пазнаючы Бога, які прагне быць нашым спадарожнікам на жыццёвым шляху. Падчас посту мы будзем мець асаблівую магчымасць далучыцца да Езуса і будаваць з Ім сяброўскія адносіны падчас Яго пілігрымкі ў Ерузалем на крыж – і ў вечную хвалу.

Спадзяемся, што матэрыялы для малітвы, прадстаўленыя ў гэтых рэкалекцыях, дапамогуць вашай сустрэчы з Богам, якая пераменіць вас і дапаможа шукаць і знаходзіць Божую прысутнасць у штодзённым жыцці. Не мае значэння, наколькі дасведчаныя вы ў малітве. Магчыма, гэта вашая першая спроба звярнуць на яе ўвагу і пачаць рэгулярнае малітоўнае жыццё. Св. Ігнацый вучыць нас, што малітва не з’яўляецца нейкім таямнічым навыкам, дасяжным толькі выбраным і святым людзям. Туга па Богу – частка нашай ДНК як людзей, створаных па вобразу Божаму. Нам дадзена як магчымасць маліцца, так і здольнасць адчуваць, уяўляць і хацець, якія разам дапамогуць нам развіваць сяброўства з Езусам. Рэкалекцыі запрашаюць нас маліцца, як мы можам, а не так, як не можам. Містык XIV стагоддзя Юліяна з Норвічу кажа, што Бог удзячны, калі мы памятаем пра Яго. Нават калі для нас нашая малітва выглядае мізэрнай і рассеянай, Бог шчаслівы, калі мы прынамсі паказваемся, і паблагаславіць нас нечаканымі ласкамі.    

На гэтым уступным этапе вырашыце для сябе пытанні з часам, месцам і працягласцю малітвы. Тэксты разлічаны на 15-20 хвілін, але варта дадаць некаторы час на падрыхтоўку, уласныя разважанні або прабыванне ў цішыні пасля малітвы.

Важна таксама падумаць, з якім намерам вы ўваходзіце ў рэкалекцыі. Якія дары і ласкі хочаце папрасіць у Бога? Узгадвайце пра іх перад кожнай малітвай. Можа стацца, Бог захоча даць вам не (толькі) тое, што вы просіце, але штосьці іншае. Цалкам магчыма, што за час пілігрымкі зменяцца і вашыя інтэнцыі.

На пачатку проста ўсвядомім сабе, што Бог запрашае нас сустрэцца з Ім на шляху, які ляжыць перад намі, і што поруч будуць нябачна ісці ўсе тыя, хто ўдзельнічае ў гэтых рэкалекцыях па ўсім свеце.

Дамашняя старонка