Мы завяршаем нашыя Адвэнтавыя рэкалекцыі. Мы разважалі аб гэтым годзе, які дабягае канца, і пачалі глядзець наперад, у Новы год, які ўжо стаіць на парозе. Мы стараліся заўважыць прысутнасць Хрыста ў нашым жыцці, Яго сяброўства з намі, Яго прабыванне сярод нас. Мы шырока адкрылі дзверы сэрцаў і розуму – дзверы ў нашую асабовасць – каб наблізіцца да Слова, прывітаць у святле, сузіраць блізкасць Стварыцеля і сагрэцца ў прысутнасці Хрыста, які прыйшоў на свет дзве тысячы год таму, і які прыйдзе зноў і нейкім асаблівым чынам у свята Божага нараджэння.

Штогод у калядны час мы больш-менш дбайна падводзім вынікі мінулага года: з чаго пачаўся год? Дзе я зараз? Чаго я дасягнуў? Што удалося, а што не? Як бы я хацеў пражыць наступны год? У Пралозе да Евангелля Ян дапамагае нам падрыхтавацца да новага пачатку, змяшчаючы нашую жыццёвую гісторыю не толькі ў мінулым годзе, але ў нашмат шырэйшай касмічнай гісторыі Логаса, Слова, якое сталася целам.

Ян запэўнівае нас, што Бог заўсёды з намі. Слова вечнае. “Пачатак” ёсць канцом. Бог суправаджае нас на кожным кроку нашых лёсаў аж да дзвярэй смерці і далей за іх…  Адкрываючы нам, кім ёсць Езус і адкуль Ён прыйшоў, Ян дапамагае нам спасцігнуць, як мы рухаемся наперад, благаслаўлёныя Айцоўскай адданай любоўю, якая вылілася на Яго Сына.

І вось, на развітанне з Адвэнтавым падарожжам, якое мы прайшлі ў гэтых рэкалекцыях, узгадаем для сябе найбольш яркія моманты, а таксама цёплыя або складаныя… Падарункі, якія Ян Евангеліст пакідае нам… Наблізімся да ясляў і ўбачым і паверым, што ўсё ж такі зноў немагчымае стала магчымым – Бог становіцца чалавекам і ўваходзіць у кожны аспект нашага жыцця і ўсяго свету.

Размаўляючы пра стайню, дзе хаваліся Тырыён (апошні кароль Нарніі) і яго паплечнікі, лорд Дыгары адзначае, што “ўнутры яна большая, чым звонку”.
“Так”, - сказала каралева Люсі. “У нашым свеце таксама была аднойчы такая стайня, дзе ўнутры было штосьці большае, чым увесь наш свет”.
К.С.Льюіс “Апошняя бітва”

Памятайце пра гэта, падыходзячы ўсё бліжэй да Бетлеемскай стайні, і рабіце так, як раіў святы Ігнацый:

“Ідзіце і запаліце ўвесь свет”

Дамашняя старонка