• Супакой

    Сёння, каб знайсці цішыню і супакой, мы будзем вучыцца паўтараць вельмі важнае слова. Спачатку звярніце ўвагу, у якім месцы вы знаходзіцеся зараз… як сябе адчуваеце… што адбываецца з вамі… і аддайце гэта ўсё Богу… Потым папрасіце ў Яго ласку, якой прагнеце ў малітве… Магчыма, пазнаць і прыняць Езуса як свайго Пана… як Месію… альбо звярніцеся да Яго з іншай патрэбай сэрца… Затым засяродзьцеся на арамейскім слове Maranatha, якое азначае «Прыйдзі, о, Пане», і паўтарайце яго ў рытме дыхання… Maranatha… на працягу некалькі хвілін… Калі штосьці будзе адцягваць вашую ўвагу, проста вярніся да слова.

  • Божае Слова

    Ян 1: 10-13
     

    У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.

  • Разважанне

    • Езус, Месія... памазанец ... дадзены, як абяцана, ад Абрагама і ўсіх яго патомкаў, чаканы з вялікім нецярпеннем праз вельмі доўгі час. І ўсё ж, габрэйскі народ – з якім Бог усталяваў асаблівыя адносіны і заключыў Запавет – не пазнаў, калі Ён прыйшоў, і таму не прыняў Яго.
    • У якой меры гэты вобраз закранае вас? Чаму, на вашую думку, так многія памыліліся ў Езусе і не пазналі, што Ён – Той, каго яны чакалі? Кім для вас ёсць Езус? Ці пазналі б вы Яго, калі б Ён зноў уцелавіўся ў сённяшнім свеце? Хто, або што, паўстае ў вашым уяўленні ў адказ на пытанне Езуса: “А вы кім лічыце Мяне?” (Лк 9,20).
    • Скрозь усё Евангелле Ян ужывае слова “вера” ў якасці дзеяслова. Для многіх паняццю веры адпавядае дактрына, але для Яна Евангеліста вера – не шэраг дактрынальных і рэлігійных заканадаўчых актаў, прытрымлівацца якіх людзі абавязаныя; у Евангеллі паводле Яна верай акрэсліваюцца жывыя і дынамічныя адносіны з Езусам. Верыць у Езуса – значыць, поўнасцю даверыцца Яму. Ці заўсёды вы разумееце і стараецеся праяўляць сваю веру ў Езуса як адносіны?
    • Такое стаўленне да веры нагадвае нам, што мы належым да пілігрымуючага Касцёла і з’яўляемся часткай пілігрымуючага народу, які змяняецца пад уплывам свету, у якім мы жывем. З такой перспектывы, вера – як дзеяслоў, як няспыннае развіццё адносінаў –  ці напаўняе вас жыццём? І наступные пытанне: у чым яна з’яўляецца цяжкай, магчыма, нават выклікам для вас? У сваіх адносінах з Езусам ці давяраеце Яму настолькі, каб аддаць у Яго рукі сваё жыццё? Усяго сябе цалкам?.. Кожную патрэбу і памкненне? Што вам неабходна зрабіць, каб паглыбіць адносіны даверу паміж вамі і Езусам?
    • Езус быў адпрэчаны сваім народам – людзьмі, якія, як Ён лічыў, ведалі Яго найлепш, і з якімі Ён імкнуўся ўвайсці ў глыбокія і працяглыя адносіны. Паспрабуйце ўявіць, як адчуваў сябе Езус. Балюча пакрыўджаным? Пагарджаным? Непатрэбным?
    • Узгадайце час, калі вы або важная для вас справа былі адкінутыя... Выпадак, калі вас прымусілі адчуць, што вы пацярпелі няўдачу... што аказаліся не на вышыні... што ў вашых прапановах было мала карысці. Якія пачуцці ахоплівалі вас тады?
    • Ці разумееце, што часам і вы адкідалі іншага чалавека падобным чынам?
    • Гледзячы з перспектывы часу, як вам здаецца, ці можна было нечаму навучыцца, пасталець ці атрымаць благаслаўленне, перажываючы падобныя сітуацыі?
    • Ян паказвае нам, што адказам Езуса на тое, што народ адвярнуўся ад Яго, былі адкрытасць і прыняцце. Езус і зараз кліча кожнага чалавека, нягледзячы на пагарду і высмейванне, якое спазнае ад людзей… Ён адкрывае для іх магчымасць блізкіх адносінаў з Ім і з Айцом – адносінаў, якія ў роўнай ступені  ўключаюць усіх, незалежна ад статусу, багацця або радаводу, што адлюстроўвае словы Езуса пра Апошні суд: Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 31-46).
    • Вы – Божае дзіця, але што гэта значыць для вас? Ці аказвае істотны ўплыў на жыццё? Як вы трымаецеся прыкладу Езуса, сустракаючы на сваім шляху розных людзей? Ці аднолькава зычліва прымаеце ўсіх, безуважна да статусу, колеру скуры, паходжання, узросту і г.д.?
    • Рыхтуючыся падчас Адвэнту адкрыць дзверы Хрысту, які нароўні нараджаецца ў кожным чалавеку, падумайце аб дзвюх або трох рэчах, якія добра было б вам зрабіць, каб пераадолець існуючыя ў галаве і сэрцы бар’еры, што перашкаджаюць вам бачыць і сустракаць кожнага вачамі Езуса.
  • Размова з Богам

    • Некаторы час паразважайце аб Езусе – вандроўным прапаведніку... Сын Чалавечы, які не мае, дзе прыхіліць галаву... Заставайцеся з Ім, калі са сваімі быцькамі Ён уцякае ў Егіпет... Будзьце пры Ім у служэнні, якое цалкам прайшло ў дарозе, у перамяшчэннях з горада ў горад… Што вам прыходзіць на думку, калі вы суправаджаеце Яго ў вандраваннях? Ці Ён – той Бог, у якога вы хочаце верыць?
    • Што значыць, мець адносіны з такім Езусам? Чаго вымагае ад вас вера у такога Бога? Ці з палёгкай вы чуеце ад Яго: “Не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца”? (Мц 6, 25)
    • Цяпер, калі вы ўбачылі і адчулі рэальнасць і наступствы адносінаў з Езусам Хрыстом, што вы хочаце сказаць Яму?
    • Паведамляючы аб непрызнанні Езуса “сваімі”, Ян нагадвае чытачу, што адносіны з Езусам – гэта пяшчотная, поўная любові сустрэча без някага прымусу; гэта адносіны, якія адзначаюцца адкрытасцю і свабодай волі і выбару. Такім чынам, Езус не выключае тых, якія Яго не прынялі, з “ўлады стаць Божымі дзецьмі”; але яны зрабілі такі выбар, што ў выніку выключылі сябе самі.
    • Святы Ігнацый кажа нам, як трэба выбіраць у жыцці: “Наш адзіны выбар павінен быць такім; я хачу і я выбіраю тое, што найлепшым чынам вядзе да паглыблення жыцця Бога ўва мне”.
    • Якія аспекты вашага жыцця патрабуюць распазнавання або прыняцця рашэння падчас гэтага Адвэнту? Стварыце ўнутры сябе прастору і запрасіце ўвайсці ў яе Божую мудрасць і кіраўніцтва, каб спадарожнічалі вам у працэсе распазнавання.
    • Адгукаючыся на безумоўную любоў Езуса да ўсіх людзей, папа Францішак сказаў, што “вы можаце, вы павінны старацца шукаць Бога ў кожным чалавечым жыцці. Хоць жыццё на зямлі поўніцца цернем і пустазеллем, заўсёды ёсць прастора, дзе можа вырасці добрае насенне. Вы павінны давяраць Богу”. Пра якога чалавека вы найперш падумалі, чытаючы гэтыя словы? Некаторы час няхай ён будзе ў вашым сэрцы. Глядзіце вышэй за церне і пустазелле і засяродзьцеся на прасторы, у якой добрае насенне можа (і ўжо пачало) расці. Папрасіце дапамогі ў Езуса – заўважаць больш лёгка і ахвотна здаровы рост і прыгажосць у гэтым чалавеку, каб вы маглі святкаваць, што Ўцелаўлёны Бог нанова нараджаецца ў ёй ці ў ім.
    • Якія вобразы, пытанні, думкі, пачуцці засталіся ў вас пасля разважання? Некалькі хвілін цішыні прысвяціце менавіта ім.
Дамашняя старонка