• Супакой

    Большасць людзей здольныя глыбей увайсці ў малітву, калі паклапоцяцца пра свой унутраны супакой. Таму ў пачатку кожнай штодзённай малітвы мы будзем прапаноўваць адно практыкаванне супакою і праводзіць вас праз яго. Напэўна, некаторыя з іх будуць больш дзейснымі за іншыя, таму адзначайце, што найлепей дапамагае вам, каб карыстацца гэтым надалей у падрыхтоўцы да малітвы.

    Сёння мы звернем увагу на супакой розуму. Спачатку ўслухайцеся ў навакольны шум… Магчыма, вы чуеце гукі вуліцы або прыроды… Магчыма,  шум працы хатніх электрычных прыладаў… Што б вы ні пачулі, адзначце для сябе гэтыя гукі і адпусціце іх… Пачніце факусіраваць увагу толькі на жаццядайным дыханні, якім адорвае вас Бог… Усведамляйце кожны ўдых… і выдых… Заставайцеся з гэтым некаторы час, рыхтуючыся ўвайсці ў малітву.

  • Божае Слова

    Ян 1:1-3

    На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на  пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася.

  • Разважанне

    • У адрозненні ад іншых евангелістаў Ян не згадвае першае Божае нараджэнне: няма анёлаў, якія абвяшчаюць Добрую Навіну, не згадваюцца пастухі, каралі, яслі, Ірад... Замест гэтага Ян з глыбокім перакананнем адкрывае нам, кім быў Езус і адкуль Ён прыйшоў. Словы, якія выкарыстоўвае Ян, кажучы, што Езус быў з Богам ад пачатку часоў, гучаць, бадай, занадта абстрактна. Нам больш камфортна з гісторыямі, звязанымі з нараджэннем Езуса, якія мы чуем у іншых Евангеллях.
    • Як мова Яна Евангеліста ўздзейнічае на вас? Ці адразу вы зразумелі, што ён гаворыць пра Езуса? Толькі пазней, у 17-м вершы, Ян ужывае імя “Езус”… Чаму, як вам здаецца, Ян вырашыў не вымаўляць імя Езуса ад самага пачатку свайго Евангелля?
    • У першым вершы Ян выкарыстоўвае тэрмін “Слова” тройчы. У грэцкім арыгінале – Logos. Гэты тэрмін быў добра знаёмы філосафам Грэцыі таго часу і звычайна ўжываўся для апісання прынцыпу ўпарадкаванасці, які праходзіць скрозь усю рэчаіснасць і змяняе гэтую рэчаіснасць з хаоса і бязладдзя ў нешта, што мае сэнс і накірунак.
    • Як гэтая ідэя суадносіцца з досведам таго ўплыву, які аказвае на вашае жыццё Езус? Калі і як Езус аднавіў зламаныя, хаатычныя часткі вашага жыцця, ацаляючы іх, вяртаючы ім сэнс? Калі і як Езус даў магчымасць і вам стаць ратункам і суцяшэнем для іншых людзей? Падумайце пра тых, каму вы дапамаглі – блізкім, сябрам, суседзям або тым, з кім вашыя шляхі перасякліся толькі аднойчы – няхай яны будуць у вашым сэрцы ў гэтыя хвіліны малітвы.
    • Як вы думаеце, што азначае “Усё праз Яго сталася”? Паразважайце над гэтым у святле слоў, напісаных св.Паўлам у першым раздзеле Паслання да Каласянаў: “Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады – усё праз Яго і для Яго створана.” (Клс 1, 16).
    • Першы тыдзень Адвэнту сімвалізуе Надзею. Пачынаючы сваё Евангелле словамі “На пачатку”, Ян хацеў паказаць, якой сталай і нязменнай застаецца Божая прысутнасць у  жыцці кожнага чалавека. Споўніцца кожная надзея, ускладзеная на Яго. З якімі надзеямі вы распачынаеце гэты шлях Адвэнту – для сябе, іншых, свету...?
  • Размова з Богам

    • Ян гаворыць нам, што “Слова было ў Бога” і тым самым прапануе кранальны вобраз, дзе Сын прабывае са сваім Айцом у любові. Хоць Яны розныя і асобныя адзін ад аднаго, няма ніякіх бар'ераў паміж Ямі. Цяпер, у самым пачатку гэтых рэкалекцый, спытайцеся ў сябе, ці ёсць якая-небудзь перашкода, што час ад часу блакуе будаванне блізкіх адносінаў з Богам? Езус запрашае зламаць гэтыя бар'еры і дазволіць сабе быць ахопленымі Яго безумоўнай любоўю і прыняццем, каб затым “гаварыць з Богам, як сябар гаворыць з сябрам”, паводле парады св.Ігнацыя.
    • Называючы Езуса “Словам”, Ян таксама нагадвае нам, што Ён – сапраўдны Божы голас у свеце і для свету. Прыслухайцеся да Яго. Зараз менавіта той самы момант, каб пачуць, што гаворыць Ён, і адказаць Яму так, як падказвае сэрца і розум.
    • Словы “На пачатку” пераносяць нас далёка назад – да першых радкоў Кнігі Быцця, калі Бог ствараў свет. І сказаў Бог: “Няхай станецца святло. І сталася святло”. Гэтак жа, як Ён даў свету быццё, так Ён кіруе маім жыццём, калі я з даверам аддаю сябе ў Яго рукі. Якія аспекты жыцця патрабуюць асаблівай увагі і кіравання ў дадзены момант? З верай у перамяняльную і любячую моц Бога прынясіце гэтыя цяжкасці Богу, які ведае, як пакіраваць вашым жыццём.
    • “Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася” (Ян 1, 3). Папа Францішак нагадвае нам, што “Увесь матэрыяльны сусвет — гэта мова любові Бога, Яго бязмежнай любові да нас. Зямля, вада,  горы  —  усё  з’яўляецца  выражэннем  пяшчоты Бога.” (Laudato Si, 84). Рыхтуючыся прывітаць Езуса – Уцелаўлёнае Слова – чаму б не прысвяціць некаторы час разважанню і ўдзячнасці за неверагодны цуд і дар стварэння. Часцей выходзьце на шпацыр, пасадзіце якое-небудзь насенне, паклапаціцеся пра сартыроўку адходаў, змайструйце кармушку для птушак… І памаліцеся аб ласцы з большай любоўю і павагай адносіцца да ўсяго Божага стварэння.
    • Узгадайце словы, вобразы, якія вас асаблівым чынам закранулі, і прабывайце з імі некалькі хвілін у ціхай малітве.
Дамашняя старонка