Уводзіны

Дапамогай у малітве ў гэтым годзе стануць разважанні над Пралогам Евангелля паводле св. Яна, а менавіта, над фрагментам, які чытаецца на ранішняй святой Імшы ў першы дзень свята Божага нараджэння. Сімвалам Евангелля св. Яна з’яўляецца арол, вастравокая птушка, якая лятае вельмі высока. Падчас сёлетніх рэкалекцый мы запрашаем вас скіраваць уважлівы духоўны позірк на “агульную карціну” свайго жыцця.

У Пралозе Ян Евангеліст кажа нам: “Слова сталася Целам і пасялілася між намі”. Яшчэ не так даўно католікі схілялі калені, вымаўляючы гэтую фразу. Яна змяшчае поўны выраз і пацверджанне хрысціянскага паслання, якое мы адзначаем кожнае свята Божага нараджэння. Спрадвечная Боскасць уваходзіць у час і жыве між намі. Бог робіць Сабе “месца пражывання”, ставіць свой намёт сярод нас. Бог набліжаецца да нас праз прыйсце Свайго Сына. Бог з намі на кожным этапе нашага жыцця, у радасныя хвіліны і балючыя. Прыйсце Месіі ў свет дае нам магчымасць убачыць бясконцую дабрыню Бога і Яго блізкасць да нас.

Пяць Адвэнтавых разважанняў дапамогуць вам трываць у малітоўным чаканні Божага нараджэння, аднавіць уважлівасць і адчувальнасць да прысутнасці Хрыста ў вашым жыцці. Вельмі спадзяемся, што вы знойдзеце час адгукнуцца на запрашэнне ўвайсці ў больш блізкія адносіны з Богам, прыняць Яго ўсім сэрцам і не баяцца стаць для ўсіх адлюстраваннем святла Яго любові.

Папа Францішак у сваёй апостальскай адгартацыі “Радуйцеся і весяліцеся” адзначае, што “малітоўнае чытанне Божага слова …дазваляе нам пастаянна слухаць Настаўніка, каб быў Ён лямпай для нашых ног і святлом на нашай сцежцы” (GE 156).

Дамашняя старонка