• Прагляд рэкалекцый

    Ёсць месца напачатку Евангелля паводле Марка, дзе евангеліст сабраў разам «тыповыя» рэчы, якія Езус будзе рабіць на працягу свайго служэння. Ён вучыць у сінагогах. Аздараўляе хворых. Прымае натоўпы людзей. Змагаецца са злом. Спрачаецца з людзьмі, якія не так успрымаюць Бога, як Ён. Але паміж усіх гэтых спраў адным ранкам Ён вылучае час, каб пайсці ў ціхае месца, у пустыню, і памаліцца. Магчыма, гэты вобраз нагадвае табе тваю адасобленасць падчас сёлетняга Вялікага посту.

    Цяпер, напрыканцы гэтага перыяду самотнай малітвы, варта азірнуцца. Знайдзі магчымасць прагледзець нататкі, якія ты, магчыма, вёў, ці нават перачытаць некаторыя ўрыўкі. Звярні ўвагу, што цяпер здаецца іншым, бо ты ўжо дасягнуў вызначанай кропкі. Можа, ты заўважыш тое, што ты прапусціў калісьці. Некаторыя рэчы, напэўна, аказаліся больш істотнымі, чым табе ўяўлялася. Наступныя пытанні дапамогуць табе зрабіць прагляд:

    • Якая першая рэч прыходзіць мне да галавы, калі я ўзгадваю гэтыя рэкалекцыі?
    • Ці магу я прыгадаць моманты, калі я адчуваў сябе блізка Бога? Моманты, якія па-сапраўднаму закранулі мяне?
    • Якія ўрыўкі Святога Пісання сталіся выклікам для мяне?
    • Што змянілася ў маіх адносінах з Богам з пачатку посту?
    • Што я ні ў якім разе не хачу забыць?
    • Чаго мне найбольш не хапае, каб рухацца наперад? Аб чым я хачу папрасіць Бога?

    Як мы зразумелі падчас велікапосных разважанняў, пустыня – гэта не толькі асаблівае месца, ненаселеныя землі Палестыны, здалёк ад гарадоў і вёсак, але таксама і вобраз тых месцаў, дзе мы можам сустрэць Бога сёння, аддаліўшыся ад мітуслівасці штодзённага жыцця. Такая пустыня можа адарыць спакоем, а можа і кінуць выклік. Тым не менш, цяжка ўявіць сабе хрысціянскае жыццё без зыходу ў пустыню. Магчыма, адно з уменняў, якое табе далі рэкалекцыі, – гэта ўменне перажываць такі зыход. З удзячнасцю Богу за атрыманыя дары, папрасі Яго, каб Ён і далей быў з табой побач і сустракаў цябе, калі ты наступны раз адважышся зрабіць падарожжа ў пустыню.

  • Зваротная сувязь

    Дасылайце, калі ласка, свае меркаванні, думкі, прапановы і пытанні. Будзем рады ўбачыць вашыя лісты на prastora.malitvy@gmail.com

Дамашняя старонка