• Супакой

    Пабудзь некалькі хвілін у цішыні
    • Калі ты ўдзельнічаў у гэтых рэкалекцыях да гэтага часу, у цябе была магчымасць паспрабаваць шэраг розных метадаў каб адчуць супакой. Прыслухоўваючыся да гукаў вакол сябе. Усведамляючы адчуванні свайго цела. Адчуваючы рытм свайго дыхання. Проста захоўваючы цішыню або ўспамінаючы месцы і хвіліны супакою.
    • Пачынаючы малітву сёння, проста абяры адзін з гэтых метадаў.
    • Пабудзь некалькі хвілін у цішыні, каб праз абраны метад патрапіць ў ціхае і спакойнае месца, дзе ты будзеш адкрытым для ўсяго, што хоча чыніць і казаць Бог.
  • Божае Слова

    Ісая 35:1–7

    Узрадуецца пустыня і сухая зямля,
    і стэп узвесяліцца і зацвіце, як шафран.
    Будзе прыгожа цвісці і цешыцца,
    і радавацца будзе, і спяваць.
    Слава Лібану будзе дадзена яму,
    гонар Кармэлю і Сарону.
    Яны ўбачаць славу Пана,
    веліч нашага Бога.
    Умацуйце слабыя рукі,
    узмацніце дрыжачыя калені.
    Скажыце маладушным:
    Будзьце адважнымі! Не бойцеся!
    Вось Бог ваш, помста прыйдзе;
    адплата Божая.
    Ён сам прыходзіць і збавіць вас.
    Тады вочы сляпых будуць бачыць,
    і вушы глухіх адкрыюцца.
    Тады кульгавы, як алень, падскочыць,
    і язык нямых усклікне радасна.
    Бо пачне біць крыніца вады ў пустыні,
    і патокі ў стэпах;
    засохлая зямля ператворыцца ў возера;
    бязводнае месца ў крыніцы вады;
    логава, дзе ляжалі шакалы,
    стане месцам трыснягу і папірусу.

  • Разважанне

    Бог запланаваў будучыню для нас, поўную надзеі. Пустыня заквітнее, і чалавечыя пакуты скончацца.
    • Урыўкі со Святога Пісання, над якімі мы разважалі на працягу гэтых рэкалекцый, адкрылі нам, па меншай меры, дзве рэчы аб пустыні. Па-першае, гэта тое месца, куды трэба ісці калі хочаш сустрэцца з Богам. Езус і Майсей, Агар і Ізмаіл, Осія і Ісая, і ўвесь габрэйскі народ – усе яны сустрэліся з Богам у гэтых, здавалася б, пустынных месцах. Паглыбляючы малітву, паспрабуй усвядоміць прысутнасць многіх іншых людзей, якія праходзяць праз сваю пустыню ў гэты час – гэтак, як ты цяпер.
    • Яшчэ адна рэч, якую мы ўсвядомілі, – быць у пустыні цяжка. Габрэйскі народ бунтаваў, Агар губляла надзею, Езуса спакушаў д'ябал...  Некаторы час паразважай, як вобраз пустыні змяшчае ў сабе складаныя аспекты твайго жыцця.
    • У сённяшнім чытанні Бог абяцае, што выклікі і цяжкасці не стануць вырашальнымі, не застануцца назаўсёды. Бог запланаваў будучыню для нас, поўную надзеі. Пустыня заквітнее, і чалавечыя пакуты скончацца. Перад тым, як адказаць на Ягоныя словы, проста пераканайся ў тым, што ты сапраўды пачуў абяцанні Бога.
    • Як гэтыя абяцанні ўплываюць на тваё жыццё? Што павінна здарыцца, каб ты мог сказаць: “Бог даў мне ўсё, што абяцаў”?
  • Размова з Богам

    Хочаш папрасіць Бога паслаць цябе несці надзею іншым?
    • Ці абяцанні з сённяшняга ўрыўка са Святога Пісання напаўняюць цябе радаснай надзеяй? А можа здаюцца занадта прыгожымі, каб быць праўдай? Цяпер падумай, як ты можаш адказаць Пану, які гарантуе табе, што ты сваімі вачыма убачыш Яго славу.
    • Тут і цяпер, у прысутнасці Бога, назаві пустыннае месца ўласнага жыцця - няўдалыя адносіны, няспраўджаныя надзеі, шматлікія няўдачы. Папрасі Яго залячыць гэтыя месцы так, як Ён напаўняе жыццём пустыню ў прарочых словах Ісаі.
    • Гэты ўрывак выяўляе план Бога і заклікае тых, хто яго чуе, несці добрую навіну ўсім, хто мае ў ёй патрэбу. Ты хочаш папрасіць Бога паслаць цябе несці надзею іншым? Каму з тваіх знаёмых больш за ўсё неабходна пачуць Божыя абяцанні?
    • У заключнай малітве падзякуй Богу за ўсё, што ты атрымаў за малітоўны час гэтых велікапосных рэкалекцый.

    Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.

    Як была спрадвеку,

    цяпер і заўсёды,

    і на векі вечныя. Амэн.

Дамашняя старонка