Супакой
Звярні ўвагу на тое, як ты ўдыхаеш і выдыхаеш
- Згодна досведу многіх людзей, добры спосаб засяродзіцца – звярнуць увагу на дыханне. Важна не спрабаваць змяніць структуру і рытм дыхання. Проста на працягу наступных некалькіх хвілін звярні ўвагу на тое, як ты ўдыхаеш і выдыхаеш.
- Па-габрэйску слова “дыханне” таксама азначае “дух”. Уяві, як глыбока ў табе дзейнічае Святы Дух, калі ты ўдыхаеш, і як Ен выцясняе ўсё, што можа стаяць паміж табой і Богам, калі выдыхаеш.
- Сёння мы чуем ўрывак з Кнігі Зыходу.
Божае Слова
Кніга Зыходу 16, 1–4. 13–15
Сыны Ізраэля вырушылі з Эліма. І ў пятнаццаты дзень другога месяца пасля зыходу з егіпецкай зямлі ўся супольнасць сыноў Ізраэля прыбыла ў пустыню Сін, што знаходзіцца паміж Элімам і Сінаем.
І пачала ўся супольнасць наракаць у пустыні. І казалі сыны Ізраэля супраць Майсея і Аарона: Лепш бы мы загінулі ад рукі Пана ў зямлі егіпецкай, калі сядзелі пры катле з мясам і спажывалі ўдосталь хлеба. Вы прывялі нас ў гэтую пустыню, каб замарыць голадам увесь сход?
Тады Пан сказаў Майсею: Вось Я пралью на вас хлеб з неба. І штодня народ будзе выходзіць і збіраць, колькі трэба на дзень, каб Мне выпрабаваць яго, ці будзе ён паступаць супраць Майго Закону, ці не.
Увечары наляцелі перапёлкі і пакрылі ўвесь стан, а раніцай раса лягла вакол лагера.
Калі ж раса знікла, над паверхняй пустыні з’явілася нешта дробнае і зярністае, нібы іней над зямлёю. Убачыўшы гэта, сыны Ізраэля казалі адзін аднаму: Што гэта? Бо яны не ведалі, што гэта. Тады Майсей сказаў ім: Гэта хлеб, які Пан даў вам для спажытку.
Разважанне
Штодня Бог дае тое, у чым людзі маюць патрэбу ў гэты дзень
- Калі вы ўжо сачылі за нашымі велікапоснымі разважаннямі раней, пачатак гэтага ўрыўка можа падацца знаёмым. Гэтак жа, як у чытанні, над якім мы разважалі мінулы раз, народ Ізраэля ўсё яшчэ вандруе па пустыні. Яны зноў незадаволеныя і зноў наракаюць на Майсея. А ў тваіх адносінах з Богам ці не гучаць часам такія ж ноткі прэтэнзіі: “Ну вось, зноў”?
- Нягледзячы на гэта, Бог адказвае на нараканні выбранага народа абяцаннем даць ім усё, што неабходна. Яны не памруць ад голаду ці смагі нават у вельмі жорсткіх умовах. Успомні, чым і як Бог задаволіў усе твае патрэбы ў цяжкія часы.
- Спачатку людзі не могуць зразумець, што за дзіўнае рэчыва пакрыла іхні лагер. Гэта была ежа, якую абяцаў ім Бог. Я таксама часам малюся аб нечым і ўсё ж не магу распазнаць спосаб, якім Бог адказвае на маю малітву. Ці знаходзіш такія ж прыклады ва ўласным жыцці?
- Штодня Бог дае тое, у чым людзі маюць патрэбу ў гэты дзень. Яны не могуць захоўваць гэты дар, але павінны верыць, што назаўтра Бог дасць больш, чым ім патрэбна. Што значыць спадзявацца на Пана так, каб верыць, што Ён і далей дасць табе усё, чаго патрабуеш?
Размова з Богам
Распавядзі Богу пра свой давер або пра недахоп ці нават адсутнасць даверу
- Сярод таго, чаму вучыць нас Божае слова, над якім мы разважалі на мінулым тыдні і сёння, варта адзначыць асобна адну рэч: Бог не пакіне нас з прычыны нашых нараканняў. Ці ёсць у тваім жыцці або ў свеце штосьці такое, наконт чаго табе хочацца паскардзіцца сёння Богу? Калі так, то чаму б не скарыстацца момантам і не зрабіць гэта зараз?
- Вядома, што сапраўдная размова павінна быць узаемнай. Як Бог адказвае на твае скаргі?
- Падумай пра ежу, якую ты спажываў, або будзеш спажываць сёння. У рэшце рэшт, ежа сама па сабе – дар Бога для цябе, Бог дае табе тое, чаго патрабуеш сёння, гэтак жа, як Ён адказвае і на патрэбы габрэйскага народу. Успрымаючы гэтую ежу як дар, што ты адкажаш Богу?
- Ці табе лёгка дарэшты спадзявацца на Бога? Верыць, што заўтра Бог зноў дасць табе ўсё патрэбнае? Напрыканцы гэтай малітвы распавядзі Богу пра свой давер або пра недахоп ці нават адсутнасць даверу.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку,
цяпер і заўсёды,
і на векі вечныя. Амэн.