Супакой
Калі зручная пастава знайшлася, проста заставайся ў ёй і атрымлівай ад яе асалоду на працягу некалькіх хвілін
- У тым, каб супакоіць розум, можа дапамагчы супакоеннае цела! На пачатку малітвы займі камфортную паставу на некалькі хвілін: стоячы ці седзячы, укленчыўшы або лежачы. Паэксперыментуй, каб знайсці пазіцыю, якая найлепш падыходзіць табе.
- Калі зручная пастава знайшлася, проста заставайся ў ёй і атрымлівай ад яе асалоду на працягу некалькіх хвілін, перш чым пачнеш рухацца далей
- Сёння мы чуем урывак з Кнігі Лічбаў...
Божае Слова
Кніга Лічбаў 21:4–9
Габрэі вырушылі ад гары Гор па шляху да Чырвонага мора, каб абысці зямлю Эдом. І людзі ў дарозе пачалі губляць цярплівасць. Яны казалі супраць Бога і супраць Майсея: Навошта вывелі нас з Егіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Бо няма хлеба, няма вады, і надакучыла нам гэтая нікчэмная ежа.
Тады спаслаў Пан на людзей ядавітых змеяў, якія кусалі народ, і шмат людзей з Ізраэля памерла. Прыйшлі людзі да Майсея і сказалі: Зграшылі мы, бо казалі супраць Пана і супраць цябе. Памаліся да Пана, каб Ён аддаліў ад нас змеяў. І памаліўся Майсей за народ.
І сказаў Пан Майсею: Зрабі сабе змея і павесь яго на жэрдзі. Тады кожны ўкушаны, калі паглядзіць на яго, застанецца жыць. І зрабіў Майсей меднага змея, і ўзняў яго на жэрдзі. А калі ядавітая змяя кусала чалавека, ён глядзеў на меднага змея і заставаўся жывы.
Разважанне
Ці можаш ты ўявіць, як гэта, апынуцца ў такой сітуацыі?
- Пустыня, якая апісваецца ў сённяшнім чытанні, – непрыемнае месца. Там няма ані ежы, ані вады, і людзі паміраюць на шляху да Богам абяцанай зямлі, які здаецца ім бясконцым. Ці можаш ты ўявіць, як гэта, апынуцца ў такой сітуацыі?
- Людзі рэагуюць, шукаючы вінаватага. Яны абвінавачваюць Майсея, які прывёў іх у пустыню з Егіпта. Раней ён быў героем для іх. а зараз з'яўляецца ліхадзеем. Магчыма, ты назіраеш падобную зменлівасць у грамадстве або нават ва ўласным жыцці?
- Бог спасылае на народ ядавітых змеяў, як акт пакарання за непаслухмянасць. Не так проста ўзгадніць гэты ўчынак з ідэяй любячага, цярплівага і міласэрнага Бога, якога Езус назвае Айцом. Што ты думаеш аб гэтым? Як спрабуеш зразумець?
- Нават тут Божае пакаранне не з’яўляецца неабмежаваным. Бог сам дае людзям паратунак. Цябе здзіўляе заканчэнне ўрыўка з Кнігі Лічбаў?
Размова з Богам
Цяпер добры час, каб прасіць у Бога прабачэння, калі ты яго патрабуеш, або дзякаваць Богу за тое, што Ён дараваў табе ў мінулым.
- Ці быў у тваім жыцці час, калі ты адчуваў, што не хочаш мець больш нічога супольнага з Богам? Калі падавалася, што вера вядзе цябе ў нікуды, і рэлігія выглядала праблемай, а не каштоўнасцю? Цалкам магчыма, такі стан блізкі да таго, што ты адчуваеш сёння. Ці можаш прысвяціць хвіліну ці дзве, каб распавесці Богу, што гэта значыць для цябе?
- А табе асабіста – ці здараецца вінаваціць у сваіх непрыемнасцях кагосьці іншага? Магчыма, ты меў ці маеш падставы так рабіць, а магчыма, проста выкарыстоўваеш іншых у якасці казла адпушчэння. Мелі яны рацыю ці памыляліся, зараз памаліся ў патрэбах гэтых людзей.
- Напрыканцы сённяшняга чытання народ шукае прабачэння ў Бога, і Бог даруе ім. Цяпер добры час, каб прасіць у Бога прабачэння, калі ты яго патрабуеш, або дзякаваць Богу за тое, што Ён дараваў табе ў мінулым.
- Народ Ізраэля крочыў праз пустыню яшчэ на працягу многіх гадоў пасля гэтага выпадку. Завяршаючы малітву, папрасі ў Бога тое, што табе найбольш патрэбна, бо твой уласны шлях працягваецца.