Практычныя заўвагі
Запрашаем на велікапосныя онлайн рэкалекцыі пад назвай “У пустыню”, каб прысвяціць час разважанням і малітве, аддаліцца ад штодзённых клопатаў, задумацца над станам сваіх адносінаў з Богам, людзьмі і светам. Час падрыхтоўкі да святкавання Пасхальнай таямніцы – вельмі добрая нагода зрабіць такі рэкалекцыйны перапынак.
Дапамогай і правадыром нашай малітвы ў гэтым годзе стануць разважанні над тым, што значыць вандроўка ў пустыню. На старонках Бібліі пустыня – месца падрыхтоўкі; месца пераадолення спакусы; месца, куды Бог прыводзіць шмат людзей, у тым ліку Езуса перад пачаткам Яго служэння. Рэкалекцыі дадуць нам магчымасць паразважаць над вобразамі пустыні з Старым і Новым запавеце, а таксама над пустэльнымі мясцінамі ў нашым жыцці.
Мы спадзяёмся, што малітва з тэкстамі гэтых рэкалекцый паспрыяе тваёй глыбокай і асабістай сустэчы з Панам, якая здолее перамяніць тваё жыццё.
Ужо зараз, распачынаючы шлях, падумай над практычнымі пытаннямі: колькі часу, калі і дзе ты зможаш маліцца? Найлепш выбраць загадзя працягласць малітвы і прытрымлівацца яе. Не паддавайся спакусе скончыць хутчэй, калі малітва даецца цяжка, ці працягнуць даўжэй, калі яна ідзе лёгка. Тэксты, прадстаўленыя ў кожным разважанні, разлічаны прыкладна на 15 хвілін, але можна дадаць час на падрыхтоўку і на пазнейшы прагляд сваіх думак.
Такім чынам, застаецца выбраць месца і пару дня. У кожнага з нас свае ўпадабанні. Хтосьці аддае перавагу ранішняй малітве, а хтосьці робіць малітоўны перапынак сярод дня ці найлепшым часам лічыць позні вечар. Он-лайн рэкалекцыі дазваляюць маліцца ў любым месцы: па дарозе на працу, падчас шпацыру, дома ці ў святыні. Спрабуй розныя варыянты і абары той, які адпавядае менавіта табе.
І нарэшце, задай сабе пытанне – навошта ты будзеш браць удзел у гэтых рэкалецыях? Якія дары і ласкі ты спадзяешся атрымаць ад Бога? Чаго прагнеш, каб Ён даў табе?
Перад тым, як пачаць, проста падумай аб Божым запрашэнні сустрэцца з Ім на гэтым шляху, а таксама аб шматлікіх людзях па ўсім свеце, якія моляцца велікапоснымі разважаннямі разам з табой.
Уводзіны
Вялікі пост нагадвае нам пра сорак дзён, якія Езус правёў у пустыні, перш чым пачаў прапаведваць. Ён правёў гэты час у малітве і пасце, але пустыня стала таксама месцам пераадолення спакус. Ён вяртаўся у пустэльныя мясціны і пазней, калі адчуваў патрэбу ў адпачынку і цішыні. У Святым Пісанні існуе таксама даўняя традыцыя, якая лічыць пустыню месцам спаткання з Богам, калі чалавек аддаляецца ад заклапочанасці паўсядзённага жыцця. У рэкалекцыях гэтага Вялікага посту мы запрашаем знайсці месца і час, калі ты здолееш вызваліць сябе ад шматлікіх заняткаў, каб сустрэцца з Богам і адпачыць у Яго прысутнасці. Мы паглядзім на розныя шляхі, якія прывялі мужчын і жанчын у пустыню ў Старым і Новым запавеце, і паспрабуем зразумець, што яны знайшлі там. Мы ўбачым, як яны адрэагавалі на Бога, якога яны сустрэлі ў гэтых ціхіх мясцінах; і будзем па-свойму старацца адказаць таму самаму Богу, які працягвае запрашаць Сваіх сяброў узяць тайм-аўт проста дзеля таго, каб атрымліваць асалоду ад Яго прысутнасці.