Прагляд
За час нашых адвэнтавых рэкалекцый мы сустрэліся з непаўторнай і бязмежнай радасцю Бога, увасобленай у нараджэнні Хрыста. З дапамогай Ісаі, Захарыі, Альжбеты, Марыі, Юзафа і пастухоў мы дасведчылі чаканне — Адвэнт, які папярэднічаў цудоўнаму акту любові: нараджэнню Божага Сына. Цяпер настаў час падвесці вынікі рэкалекцый, і, як Марыя «захоўвала» падзеі і словы, «разважаючы ў сэрцы сваім», мы таксама можам успомніць усё, аб чым даведаліся, і паразважаць, як мы маглі б стаць пасланнікамі радасці.
Перад тым як азірнуцца на пройдзены шлях з дапамогай нашых пытанняў, ты можаш папрасіць Езуса дапамагчы ўбачыць ласкі, атрыманыя на працягу Адвэнту. Успомні, што наймацней узрушыла тваё сэрца падчас малітвы? Уздзеянне якога ўрыўка Святога Пісання ці вобраза ты адчуваеш і цяпер? Магчыма, ты па-новаму пачаў разумець Божы дар радасці?
У другім тыдні «Духоўных практыкаванняў» святы Ігнацый Лаёла піша, што сузіранне таямніцы Божага нараджэння пачынаецца з «уяўлення шляху з Назарэта ў Бэтлеем». Святы Ігнацый раіць намаляваць у думках сцэну нараджэння і «разглядаць, сачыць і сузіраць, што прысутныя гавораць». Пасля гэтага ён прапануе паразважаць над таямніцай Божага нараджэння, «каб усё гэта прынесла карысць». Затрымайся некаторы час на бэтлеемскай сцэне. Езус нарадзіўся ва ўбогай стайні ў беднай сям’і сярод звычайных людзей таго часу. Простыя пастухі былі першымі сведкамі гэтай падзеі. Увайдзі ў цішыню гэтай сцэны… Спытай сябе, што ўсё гэта значыць для цябе?
Езус, Божы Сын, які нарадзіўся ў такіх простых умовах, жадае ўвайсці ў самыя звычайныя падзеі нашага жыцця. Пасланне Божага нараджэння можна акрэсліць так: Эммануэль — Бог з намі — уваходзіць у глыбіню нашых сэрцаў і запрашае нас сустрэцца з Ім. Мы — Яго ўмілаваныя сыны і дочкі — можам сустрэцца з Ім усюды: дома і на працы, у цішыні і ў размове, у адзіноце і ў сяброўскім коле, у прыгажосці прыроды або ў мітусні вялікага горада. Дзе ты найбольш выразна ўсвядоміў прысутнасць Езуса? Дазволь Яго позірку затрымацца на табе і пагавары з Ім, можа, нават не словамі, а сэрцам, пра тое, якім для цябе быў гэты Адвэнт. Падзяліся з Ім сваімі радасцямі і смуткамі, надзеямі і страхамі.
Маючы перад вачамі ўсе дары, атрыманыя падчас рэкалекцый, падумай цяпер аб тым, што можа быць карысным у будучыні? Можа, спосабы падрыхтоўкі да малітвы, засяроджанне на Божым слове, спробы размовы з Богам? Ці засталося з табой пачуццё радасці, якім хочацца дзяліцца? У чым ты сустрэўся з цяжкасцямі ці перашкодамі? Да чаго ты застаўся абыякавым? Што ты найбольш прагнуў знайсці?
У святочны час Божага Нараджэння папрасі Езуса адарыць цябе ласкай усведамлення Ягонай прысутнасці, памаліся аб дапамозе, моцы і радасці, патрэбных табе ў будучым годзе. З верай у тое, што далей вы з Ім будзеце вандраваць па жыцці разам, адчуй Яго блізкаcць і прысвяці гэтыя заключныя моманты малітвы Яму.