Падрыхтоўка
Аддай усё гэта Богу, які цяпер прысутнічае ў табе і глядзіць на цябе з вялікай любоўю
На некалькі хвілін дай сабе адпачыць, дай свайму целу і розуму пабыць у супакоі. Звярні ўвагу на тое, як ты сябе адчуваеш у гэты момант, што адчуваеш у розных частках твайго цела. Прааналізаваўшы ўсё, аддай гэта Богу, які цяпер прысутнічае ў табе і глядзіць на цябе з вялікай любоўю.
Божае Слова
Лука 1, 39-46
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.
Тады сказала Марыя: Велічае душа мая Пана.
Разважанне
Гасціннасць, якую ты аказаў або зведаў ад іншых, падымае на духу i вучыць удзячнасці
- Марыя выправілася наведаць сваю стрыечную сястру Альжбету, якая з удзячнасцю прыняла кампанію і дапамогу Марыі. Жанчыны праводзілі час разам вельмі радасна. Цi можаш ты прыгадаць час, калi нехта прыйшоў табе на дапамогу, або час, калi ты дапамог каму-небудзь? Сапраўды, сардэчная гасціннасць, якую ты аказаў або зведаў ад іншых, падымае на духу i вучыць удзячнасці. Завітаць да сябра і атрымаць асалоду ад праведзенага разам часу — такі цудоўны і радасны вопыт; цалкам падобны на час, які мы праводзім з Богам.
- Альжбета адчувала радасць не толькi ад прысутнасцi Марыi, але і ад прысутнасці Святога Духа. Калi мы знаходзімся побач з iншымi людзьмi, мы не толькі дзелімся сваёй прысутнасцю, але таксама і дарамі Духа, і можам разам цешыцца імі — вялiкiмі i маленькімі. Важна зразумець i сказаць «так» дарам Бога, дасканаліць і развіваць iх такiм чынам, каб яны маглi прынось плён Божаму Валадарству. «А плён духа — гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць.” (Гал 5, 22-23).
- Рух дзіцяці ва ўлоні Альжбеты, аб чым гаворыць Святое Пісанне, глыбока сiмвалiчны. Мы бачым момант сутыкнення Старога i Новага Запаветаў. Ян, апошні з прарокаў у традыцыі Старога Запавету, сустракае Месію, новага прарока, i скача ад радасцi ва ўлонні сваёй мацi. Гэтая радасць — Добрая Навіна для ўсiх людзей. Яна прайшла скрозь стагоддзі і дасягнула сённяшняга дня.
Размова з Богам
Ці хочаш зараз звярнуцца да Бога з пэўнай інтэнцыяй або папрасіць Ягонага благаслаўлення?
- Альжбета i Марыя ведалi, што Бог вельмі глыбока ўваходзiць у iх жыццё. Напэўна, яны праводзiлi многа часу, разважаючы пра гэта. Няма сумненняў у тым, што яны таксама размаўлялі гадзінамі, задаючыся пытаннямі пра сваіх сыноў, якія неўзабаве павінны былі стаць цэнтрам іх жыцця. Пастаў сябе на іх месца і паспрабуй уявіць, аб чым шла іх размова. Падумай пра тое, як Бог можа ўвайсці ў тваё жыццё сёння?
- Першыя словы Альжбеты да Марыі былі благаслаўленнем і падзякай Богу. Яна ўшанавала веру Марыі, з якой Яна прыняла Слова Божае і паверыла Яму. Супольная малітва ўмацоўвала веру жанчын у тое, што ўсе Божыя абяцанні будуць споўненыя. Нашая малітва можа стаць бласлаўленнем, якое мы пасылаем усім тым, пра каго думаем сёння. Ці хочаш зараз звярнуцца да Бога з пэўнай інтэнцыяй або папрасіць Ягонага благаслаўлення?
- Мы не знойдзем у Евангеллі згадак пра новыя сустрэчы Альжбеты і Марыі. Але іх сыны сустрэнуцца, і Езус скажа пра Яна, што большага прарока да гэтага часу не было на зямлі. Калі Езус слухаў аповед сваёй Маці пра Яе сустрэчу з Альжбетай, Ён даведваўся штосьці асаблівае пра Яна. Штосьці асаблівае і ўнікальнае ёсць у кожным з нас. Прысвяці цяпер некалькі хвілін, каб узгадаць свае таленты і здольнасці. Падумай, як ты можаш выкарыстоўваць іх, каб прынесці Добрую Навіну тым, каго ты спаткаеш у святочны час Божага Нараджэння.