• Супакой

    Удыхні любоў Бога да цябе і выдыхні ўсё, чым хочаш падзяліцца з Богам, або адпусці ўсё і аддай Богу
    • У якасці шляху да супакою выкарыстай сёння сваё дыханне. Пачні з увагі да таго, як ты дыхаеш: пачуй гук свайго дыхання, ягоны рытм. Няма патрэбы змяняць хуткасць…
    • Адзнач, як паветра ўваходзіць у тваё цела, напаўняе лёгкія, падтрымлівае тваё жыццё і потым выходзіць...  Удых-выдых...
    • Удыхні любоў Бога да цябе… і выдыхні ўсё, чым хочаш падзяліцца з Богам, або – адпусці ўсё і аддай Богу… дыхай пры гэтым глыбока…  зрабі так тройчы.
  • Разважанне

    Ці здольны ты выйсці на арэну, дзе пакутуе чалавецтва сёння? Такім месцам можа быць твой уласны боль ці цярпенні іншых людзей… Дзе Бог у гэтых пакутах?

    Антыфона
    О, Эммануэль, наш валадар і заканадаўца,
    спадзяванне народаў і іх Збаўца,
    прыйдзі, каб вызваліць нас,
    Пане наш, Божа.

    • Рэальнасць цярпення заўсёды з’яўлялася праблемай любой рэлігіі. Канешне, мы б хацелі, каб Бог знішчыў усе пакуты. Але якім коштам? Ці будзе гэта азначаць канец таго створанага свету, які мы ведаем? Спыненне праекта “Чалавек”... Было б прасцей ніколі і не пачынаць яго.
    • Стваральны працэс заўсёды прыцягвае да сябе цярпенне. Стварэнне разумных істот азначае таксама рэальнасць зла. Калі Бог вырашыў удыхнуць жыццё ў істоты, якія Ён стварыў, Ён адважыўся на праблемы. Не магло быць іначай. Аднак, калі Бог увайшоў у стварэнне і таксама стаў чалавекам, усё змянілася. Прынамсі, мы ўжо не павінны адчуваць сябе самотнымі. І, магчыма, нават усведамлення гэтага факту нам будзе дастаткова. Пакуты і зло будуць па-ранейшаму існаваць, але Бог будзе з намі. Бог ёсць з намі. Эммануэль.
    • Ці здольны ты выйсці на арэну, дзе пакутуе чалавецтва сёння? Такім месцам можа быць твой уласны боль ці цярпенні іншых людзей… Дзе Бог у гэтых пакутах? Дзе Ён жадае быць?
  • Чытанне

    Роналд Сцюарт Томас уявіў момант, калі Святая Тройца прымае рашэнне аб Уцелаўленні, і выразіў гэта ў сваёй паэме “Прыйсце” (The Coming)

    Маленькі шар трымаў Бог у руцэ.
    “Глядзі”, – сказаў.
    І Сын зірнуў. Далёка,
    як скрозь ваду, убачыў Ён
    пякучы колер спаленай зямлі.
    Агонь палаў паўсюль;
    скарынкі спечаных будынкаў
    адкідвалі цені;
    як бліскучы змей, рака вілася,
    зіхоткая ад слізі.
    Аголенае дрэва на пустым узгорку скардзілася небу.
    І людзі да яго цягнулі свае худыя рукі
    ў чаканні зніклага даўно красавіка,
    які нібыта вернецца
    да скрыжаваных тых галінаў.
    Сын назіраў за імі.
    “Дазволь, пайду туды”, – прамовіў.

  • Размова з Богам

    О, Эммануэль. Бог з намі
    • Як ты ўяўляеш сабе гэтую сцэну? Чалавецтва ў стане пакінутасці. Святая Тройца пазірае на свет. Езус просіць, каб Яго паслалі на зямлю, што б гэта не значыла і чаго б не каштавала. Паглядзі, як Ён звяртаецца да Айца са сваёй просьбай: “Дазволь, пайду туды”.
    • О, Эммануэль. Бог з намі.
    • Пагавары з Ім зараз. Выкажы ўсё, што маеш на сэрцы.

        О, Мудрасць,
        Пан,
        корань Есэя,
        ключ Давіда,
        Усход,
        Валадар народаў
        Эммануэль,
        прыйдзі, Езу.

Дамашняя старонка