Супакой
Дазволь Богу зірнуць на цябе, Богу, які стварыў цябе і моцна любіць.
- Калі ёсць магчымасць, знайдзі месца, дзе на цябе будзе свяціць сонца. Няхай ягоныя цёплыя промні атуляць і сагрэюць цябе. Святы Ігнацый прапанаваў духоўную версію гэтага практыкавання. Перад тым, як пачаць малітву, нам трэба каля хвіліны пастаяць у цішыні, дазваляючы Богу зірнуць на нас — Богу, які стварыў нас і моцна любіць.
- Таму прысвяці зараз гэтую хвіліну Яму. Устань, калі можаш, ці застанься сядзець, калі так для цябе лепш. Прабывай у супакоі, і няхай Бог глядзіць на цябе, альбо прабывае з табой такім чынам, як Ён жадае…
Разважанне
Нягледзячы на цемру ночы, Езус ззяе, як прамяністы світанак
Антыфона
О, Усход, бляск вечнага святла і Сонца справядлівасці,
прыйдзі і асвятлі тых,
хто знаходзіцца ў краіне смяротнага ценю.- У гэты час зімовага сонцастаяння мы перажываем самыя кароткія дні і самыя доўгія ночы года. Але, нягледзячы на цемру ночы, Езус ззяе, як прамяністы світанак.
- Бываюць моманты, калі мы эмацыянальна (афектыўна) перажываем гэтую праўду, – і адчуваем сябе суцешанымі.
- У іншы час мы стараемся верыць у гэты бляск світання, нават калі наша ўласная цёмная ноч азмрочвае нашыя пачуцці. І такое перажыванне таксама з’яўляецца суцяшэннем, хоць і менш адчувальным. Можна назваць гэта больш «суцяшэннем галавы», чым «суцяшэннем сэрца».
- У тваім жыцці верай — у дадзены момант — ці адчуваеш суцяшэнне? Датычыць яно сэрца ці галавы?
Чытанне
- Часам Бог дапускае пэўную сухасць або цемру ў нашым жыцці, але не пакідае нас. Ён застаецца з намі, Ягонае святло не гасне. Проста мы не можам успрымаць гэтае святло. Вось што пісаў на гэтую тэму святы Ян ад Крыжа:
«Трываласць у цемры з’яўляецца падрыхтоўкай да вялікага святла».
«У цёмнай ночы душы ярка цячэ рака Бога».
«Бог вымушаны працаваць над душой таемна і ў цемры, бо калі б мы добра ведалі, што адбываецца, і якая Таямніца, пераўтварэнне, Бог і Ласка задзейнічаныя для нас, у рэшце рэшт, мы спрабавалі б кантраляваць альбо спыніць увесь працэс».- Адзін з канонаў Тэзэ вельмі сугучны сённяшняму разважанню:
З Табой цемра
не будзе цёмнай вакол нас,
А ноч, як светлы дзень, заяснее.Размова з Богам
Езус хоча прынесці сваё гаючае святло, каб ахінуць цябе дарэшты цяплом сваёй любові
- Дзе ты адчуваеш святло Хрыста ў сваім жыцці? З асалодай затрымайся там. Удыхні гэтае святло.
- Ці ёсць у цябе цёмныя месцы, куды Бог не павінен зазіраць? Ці адважышся паказаць Езусу гэтыя часткі сябе?
- Якім чынам Езус хоча прынесці сваё гаючае святло, каб ахінуць цябе дарэшты цяплом сваёй любові?
- Ці дазволіш Яму гэта зрабіць?
О, Мудрасць,
Пан,
корань Есэя,
ключ Давіда,
Усход,
Валадар народаў
Эммануэль,
прыйдзі, Езу.