• Супакой

    Як выглядае прырода ў гэтую пару года?
    • Калі побач з табой ёсць акно, паглядзі праз яго на вуліцу. Калі не, проста ўяві сабе прыроду ў гэтую пару года. Які сёння дзень? Што ты бачыш альбо ўяўляеш? Некаторы час проста прабывай у гэтым, напэўна, халодным зімовым дні.
    • Калі ёсць магчымасць і жаданне, выйдзі на шпацыр, затрымайся каля дрэва без лісця, знайдзі звялую раслінку ці штосьці іншае як адлюстраванне нечуллівасці зімы. І проста дазволь гэтаму быць тым, чым яно ёсць.
  • Чытанне

    Антыфона
    О, корань Есэя, які ўзносішся, як знак для народаў,
    перад табою каралі замоўкнуць,
    Табе народы будуць маліцца,
    прыйдзі, каб вызваліць нас, і не спазняйся.

    • У Ісаі мы чытаем: «Выйдзе парастак з пня Есэевага, і атожылак з кораня ягонага прынясе плод» (Іс 11, 1-2). Есэй быў бацькам караля Давіда, і габрэі верылі, што Месія будзе паходзіць з роду Давіда. Хрысціяне лічаць, што ў Езусе споўніліся прароцтвы. Корань Есэя — гэта продкі Езуса, а Ён, у сваю чаргу, — парастак, які стане кветкай жыцця.
    • У Евангеллі паводле Лукі Захарыя, бацька Яна Хрысціцеля, гаворыць пра тое, што Бог збіраецца зрабіць праз Езуса, і якую справу даручае Яну.

    Захарыя, бацька Яна, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы:

    Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля,
    бо наведаў і адкупіў народ свой,
    і ўзняў рог збаўлення для нас
    у доме Давіда, слугі свайго.
    Як абвясціў спрадвеку
    вуснамі сваіх святых прарокаў,
    што збавіць нас ад ворагаў нашых
    і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.
    Каб аказаць міласэрнасць айцам нашым
    і нагадаць пра святы запавет свой,
    прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму,
    дасць нам.
    Каб, выбаўленыя з рук ворагаў нашых,
    мы без страху служылі Яму
    ў святасці і справядлівасці перад Ім
    ва ўсе дні нашыя.
    А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа,
    бо пойдзеш перад абліччам Пана
    падрыхтаваць шляхі Яму,
    каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне
    праз адпушчэнне яго грахоў,
    дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога,
    у якой наведаў нас Усход з вышыні,
    каб асвятліць тых,
    хто сядзіць у цемры і ў ценю смяротным,
    каб накіраваць ногі нашыя
    на шлях спакою.

    (Лк 1, 67-79)

  • Разважанне

    Дазволь сабе быць тым, кім ты ёсць, і там, дзе ты ёсць. І дазволь Езусу быць тым, кім Ён ёсць.
    • Жывучы ў Паўночным паўшар’і Зямлі, мы зараз набліжаемся да сярэдзіны зімы. Нічога не расце. Дрэвы і кусты дрэмлюць. Час кветак даўно мінуў. Выгляд навакольнай прыроды пэўным чынам уплывае і на стан нашай душы. Магчыма, мы адчуваем, што яна таксама замірае ў гэты, пазбаўлены жыцця, час. Зіма можа сімвалізаваць становішча ўсяго чалавецтва, — сцятага, нібы марозам, пакінутасцю.
    • Дзе ў свеце, у Касцёле ці ў сабе ты назіраеш падобны недахоп жыцця і колераў?..
    • Пад зямлёй прырода чакае свайго часу, але не бяздзейнічае. Цыбуліны гадуюць свае карані, насенне трывае ў замаразкі і рыхтуецца прарасці, як толькі халоднае надвор’е зменіцца на цёплае. Карані дрэў не прыпыняюць актыўнасці нават зімой, шукаюць у глебе і захоўваюць да вясны карысныя рэчывы, рыхтуючыся да бурлівага вясновага росту.
    • Гэта добры вобраз для нашай малітвы, асабліва ў тыя перыяды жыцця, калі знешне нічога не адбываецца. Калі ты адчуваеш у сабе сухасць, ты можаш проста дазволіць ёй быць і спадзявацца на Бога, які ведае, што робіць. Дазволь сабе крыху адпачыць у Ягоных руках. Не фарсіруй з’яўленне сваіх вясновых парасткаў. Дазволь сабе быць тым, кім ты ёсць, і там, дзе ты ёсць.
    • І дазволь Езусу быць тым, кім Ён ёсць.
  • Размова з Богам

    Адвэнт як час чакання дае нам падставу спыніцца і ясна выразіць сваё прагненне: каб Езус прыйшоў да нас, пусціў карані ў нашых сэрцах, заквітнеў у нас…
    • Чалавецтва чакала прыйсця Месіі на працягу многіх пакаленняў. Гэтае чаканне часам выглядала безнадзейным. Мы працягваем спадзявацца, што Ён прыйдзе і зламае цвёрдую абалонку нашых сэрцаў, напоўніць колерамі нашае манахромнае жыццё. Адвэнт як час чакання дае нам падставу спыніцца і ясна выразіць сваё прагненне: каб Езус прыйшоў да нас, пусціў карані ў нашых сэрцах, заквітнеў у нас… Паспрабуй пагаварыць з Ім пра гэта.
    • Ці жадаем мы квітнець і прыносіць плён разам з Езусам? Калі Ён прыходзіць да нас, ці не нараджаецца ў нас імкненне (жаданне) занесці Яго іншым людзям?.. ахвяраваць сябе іншым?… дадаць свету, які жыве ў нястачы, крыху святла, колераў і цеплыні?
    • Выкажы Езусу сваё жаданне быць з Ім і працаваць з Ім.

    З-пад паверхні зямлі, як вясной,

    любоў узыходзіць зноў.

        О, Мудрасць,
        Пан,
        корань Есэя,
        ключ Давіда,
        Усход,
        Валадар народаў
        Эммануэль,
        прыйдзі, Езу.

Дамашняя старонка