Ойча, мы схіляемся перад Сэрцам Твайго Сына, якое знявечана жорсткасцю людзей, але застаецца знакам трыумфу любові і прыкладам для нас.
Навучы нас бачыць Хрыста ў сваім жыцці, каб прапанаваць Яму жывое служэнне, напоўненае любоўю да нашых братоў і сёстраў.
Я малюся з Марыяй і ўсім Касцёлам у наступных інтэнцыях Святога Айца на гэты месяц:
Каб журналісты ў сваёй прафесійнай працы заўсёды кіраваліся пашанаю ў адносінах да праўды і моцным пачуццём этыкі.
Каб Сусветны місійны дзень аднаўляў ва ўсіх хрысціянскіх супольнасцях радасць і адказнасць у абвяшчэнні Евангелля.
Хрыстус не быў двухсэнсоўным наконт праўды, калі казаў нам: “Праўда зробіць вас свабоднымі”, і журналістаў матывуе гэтае імкненне адкрываць праўду сваім чытачам і слухачам, дзе б яны ні знаходзіліся. Менавіта такі ідэалізм: “казаць так, як ёсць”, а не так, каб спадабацца істэблішменту, даў пачатак добрай журналістыцы.
Канешне, гэта каштуе, не толькі таму, што пакрыўджаныя партыі і дзяржавы больш схільныя “стрэліць у пасланца”, чым разгледзець узнятую праблему і зрабіць штосьці дзеля яе вырашэння. Гэты пачатковы ідэалізм можа быць страчаны, калі пачынаюць занадта шмат спасылацца на ўсюдыісных лабістаў і піяршчыкаў замест таго, каб цяжка і мазольна працаваць у пошуках праўды.
Каб абараніць свой ідэалізм, журналісты павінны захаваць энтузіязм, з якім яны пачыналі свой прафесійны шлях. У сутыкненні з цынізмам і вечнымі дэдлайнамі, гэта можа быць складана. Моцнае пачуццё этыкі, заснаванае на хрысціянскіх каштоўнасцях сумленнасці і працавітасці, здолее ўзняць журналіста над гэтымі перашкодамі і запэўніць яго, што праўду – і адпаведную ёй свабоду – ён прапануе грамадству па-сапраўднаму.
- Sean Ryan, вытрымкі з кнігі Living Prayer