Слова Божае
Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з закону, пакуль не збудзецца ўсё. Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.
Мц 5,17-19
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Я думаю пра ўсіх тых, хто мяне вучыў, узгадваючы людзей, якія дапамаглі мне зразумець Божыя шляхі. Дзякую за іх і прашу для іх Божага благаслаўлення. Малюся аб тым, каб я мог быць такім чалавекам для свайго атачэння.
- Езус указвае на пераемнасць у Божай працы і дзеяннях. Разважаю пра традыцыі і навучанне, якія прывялі мяне туды, дзе я ёсць, і прашу Бога надалей весці мяне да паўнаты жыцця ў Ім.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Езус прыйшоў на зямлю не дзеля таго, каб адмяніць закон ці прарокаў. Закон і прарокі адкрываюць нам Божую задуму, і Сын Божы прыйшоў, каб выканаць яе. І пакуль не міне неба і зямля, Святое Пісанне павінна настаўляць нас.
- Парушыць адну з запаведзяў – дрэнна, але навучыць кагосьці рабіць тое ж самае – вось сапраўдны жах. Бывае карысна запытаць самога сябе, ідзем мы за навучаннем Бога або ўласнымі меркаваннямі выступаем супраць Яго закона?
- Мы павінны бачыць святасць усяго Божага навучання.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Запаведзі, пра якія кажа Езус, - гэта тыя самыя, што Бог даў Майсею на гары Сінай. Яны мелі сілу ў часы Езуса, г. зн. 1400 гадоў пасля Майсея. Яны маюць сілу і цяпер. Калі б мы іх выконвалі, Царства Нябеснае нашмат наблізілася б ужо тут, у гэтым свеце.
- Ці магу я пералічыць дзесяць запаведзяў? На якую з іх мне варта звярнуць асаблівую ўвагу ў дадзены момант?
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Як ні дзіўна, Езус парушаў, здавалася б, істотныя правілы габрэйскай веры таго часу: Яго вучні збіралі зярняты з палёў у суботу; Ён не патрабаваў ад вучняў спаўнення правілаў ачышчэння посуду перад ежай; Ён дазволіў “нячыстым” наблізіцца і дакрануцца да Сябе; Ён часта прабываў з грэшнікамі.
- Але як Езус не адмяніў, але выканаў закон такім чынам? Можа, сваім глыбокім з'яднаннем з людзьмі, сваім любячым ўзаемадзеяннем з імі, асабліва з тымі, якія знаходзіліся ў цяжкім становішчы, з тымі, якіх выключалі з супольнасці?
- Ці не гэта азначае быць “вялікім у Валадарстве Нябесным”?
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Кніжнікам цяжка пагадзіць словы Езуса з Яго свабодай духа ў шматлікіх пытаннях адносна шабату. Езус не адкідае Стары Запавет, але вяртае ягоныя асновы: любі Бога і любі бліжняга. Ён неаднойчы падкрэслівае, што жыццё павінна быць цэласным, каб людзі маглі прачытаць нашыя прынцыпы праз паводзіны, і гэта больш істотна, чым павучаць людзей Закону. Цяжэй жыць адной запаведдзю, чым прапаведваць іх дзясяткамі.
- Спаўненне Старога Запавету адбылося ў Асобе Езуса Хрыста. Закон добры толькі таму, што вядзе да Хрыста. Нашая рэлігійнасць добрая толькі тады, калі набліжае нас да Бога – праз Хрыста. Сённяшняя малітва ў прысутнасці Езуса вядзе нас да Бога, нашага Айца, найбольш дасканалым шляхам, якім ёсць сам Езус.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Евангеліст хоча паказаць нам, што фундаментам, на які абапіраецца Божы Закон і ўсялякае прароцтва з'яўляецца любоў. Апостал Павел таксама пацвярджае гэтыя словы, кажучы, што нават калі аддаеш цела сваё на спаленне, а любові не маеш, - няма ў тым ніякай карысці. Часта мы ставім шматлікія патрабаванні і нормы вышэй за Закон любові. Адбываецца гэта таму, што значна лягчэй абмяжоўваць сябе ў нечым, чым цалкам даверыць сябе любові Айца. А я пакліканы аддаць не менш, як усё!
- Ці прашу я Божай ласкі на такі крок? Паэт Фрэнсіс Томпсан пісаў: "каб мець толькі Цябе, нічога акрамя". Ці магу я так звярнуцца да Бога? Альбо, магчыма, я пакуль знаходжуся толькі на ўзроўні жадання паставіць Бога вышэй за ўсё?
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- У гэтым урыўку Езус выступае прыхільнікам юдэйскага закона, але першыя хрысціяне, напрыклад, святы Павел, адчувалі, што маюць свабоду адыйсці ад многіх юдэйскіх вучэнняў. Што гэтым жадае сказаць мне Бог?
- Езус выразна ўсведамляў, якую духоўную шкоду мы можам нанесці іншым людзям, асабліва маладым, сваім дрэнным прыкладам альбо неабдуманай парадай. Ці думаю я, перш чым гаварыць на духоўныя тэмы?
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Езус часта гнявіў фарысеяў праз тое, што парушаў закон. Досыць згадаць збіранне каласоў і аздараўленні ў шабат. Ён дакрануўся да нячыстага чалавека. Здаецца відавочным, што, кажучы пра закон, Езус гаворыць пра яго ў змененым сэнсе, Неабходныя толькі дзве запаведзі: любіць Бога і любіць бліжняга як самога сябе.
- Закон любові даходзіць да чатырох краёў зямлі і да канца часоў. Ніводная істота не можа пазбегнуць патрабаванняў гэтага закона. Калі ён выконваецца, усе астатнія законы становяцца на свае месцы.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Мы можам грэбаваць габрэйскім законам з усімі яго дэталямі і тонкасцямі, але Езус меў больш шырокі погляд на яго. Ён лічыў сябе выканаўцам закону і прарокаў і прымаў ўсе вымаганні сваіх продкаў, каб зразумець і сфармуляваць найважнейшую запаведзь: любі Пана Бога твайго усім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам сваім і з усіх сіл тваіх, а бліжняга свайго, як самога сябе” (Дрг 6:5; Лев 19:18).
- Без сумневу, 613 прадпісанняў Торы бянтэжылі звычайнага габрэя. Але запаведзь любові стала надзейным падмуркам і асвятляла паўсядзённае жыццё, і працягвае гэта рабіць. Бог любіць мяне і майго бліжняга бязмернай любоўю – усведамляючы гэта, я адказваю любоўю на бязмерную любоў, якую атрымліваю.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Фарысеі часта крытыкавалі Езуса за парушэнне літары закона. А Ён ніколі не парушыў ні адной з дзвюх вялікіх запаведзяў – любіць Бога і любіць іншых, як сябе. Далай-лама, з сумам каментуючы другую з гэтых запаведзяў, сказаў: “Бедныя іншыя”.
- Томас Мертан пісаў: “Духу Святы, малюся сёння аб здольнасці бачыць сябе такім, якім бачыць мяне Бог. Глытком паветра за глытком, ударам сэрца за ўдарам нашая рэчаіснасць даецца нам Богам, які сам і з'яўляецца рэчаіснасцю”.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Езус вучыць словам і чынам – праз тое, што кажа і робіць. Прыклад Яго жыцця вядзе і натхняе нас. Існуе сувязь паміж нашымі словамі і дзеяннямі, і калі яна жывая, мы моцныя ў Валадарстве Божым. Словы не павінны разыходзіцца са справамі. Шчырасць і цэласнасць жыцця – гэта тое, да чаго мы пакліканы.
- Езус не разбурае народнай пабожнасці. Ён не зацікаўлены ў адмене рэлігійных практык асобных людзей. Усе даброты рэлігіі і веры каштоўныя для Яго. Божая ласка даецца кожнаму асабіста. І кожны з нас моліцца па-рознаму. «Маліся, як можаш, а не як не можаш,» – адна з самых старажытных і мудрых рэкамендацый для малітвы. Падчас малітвы мы ўваходзім і адпачываем у таямніцы Божай любові, аднак у кожнага гэта адбываецца па-свойму.